Звіняць калядныя званы і запрашаюць на выстаўку!



Напярэдадні святаў у Нацыянальнай бібліятэцы адкрыецца светлая, маляўнічая і між тым глыбокая па сэнсе выстаўка жывапісу «Калядныя званы», якая прадставіць работы беларускага мастака Рыгора Іванова. Шэраг каларытных вобразаў падорыць святочны настрой і станоўчыя эмоцыі наведвальнікам – званочкі, месяцы, чароўныя персанажы ўсміхнуцца і пажадаюць гледачам з кожнай карціны ўсяго самага добрага і светлага.

Рыгор Іваноў – вядомы беларускі мастак, член Беларускага саюза мастакоў, заснавальнік і родапачынальнік аўтарскага напрамку ў беларускім мастацтве пад назвай «святызм», асноўнай ідэяй якога з’яўляецца ўспрыманне таго, што ўсё ёсць сіла і святло. Прадметы, людзі – усё гэта святло. І сама карціна – гэта аб’ект, які свеціцца. І тое, што намалявана на ёй, свеціць само па сабе, знутры.

«Мае “святычныя” карціны – гэта як медытацыя, малітва. Можна вымавіць яе словамі, а можна проста глядзець на Свет. Экраны-карціны адклікаюцца на дотык погляду, як экраны гаджэтаў на дотык рукі», – адзначае аўтар. У працах мастака амаль фізічна адчуваецца светлавая пульсацыя.

Адчуць яе можна на выстаўцы, адкрыццё якой адбудзецца 3 снежня ў 16.00 у галерэі «Ракурс» (2 паверх) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (прасп. Незалежнасці, 116).

Наведаць экспазіцыю можна да 1 лютага 2020 г.

На мерапрыемства уваход вольны, у астатні час – пры наяўнасці чытацкага білета або пропуску сацыякультурнага цэнтра.