У шэрагу гарадоў на захадзе Беларусі абнавіліся тэмпературныя рэкорды



Новыя тэмпературныя рэкорды дня ўсталяваныя 29 лістапада ў шэрагу гарадоў на захадзе Беларусі, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

Цяплей за ўсё было ў Высокім — 9,7 градуса цяпла. Ранейшы рэкорд складаў 8,9 градуса (зафіксаваны ў 2012 годзе). Такая ж тэмпература, як і ў Высокім, адзначаная ў Драгічыне (гістарычных дадзеных у электронным архіве Белгідрамета па гэтым райцэнтры няма). На трэцім месцы Берасце — 9,6 градуса, тут паўтораны максімум таксама 2012 года.

У трох населеных пунктах Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей абнавіліся рэкорды дня 41-гадовай даўніны: у Пружанах — 9,5 (7,5), Ваўкавыску — 9,1 (7,6) і Івацэвічах — 8,5 (8).

У Гародні паветра прагрэлася да 8,5 градуса вышэй за нуль (было 7,4 у 2012 годзе).

Рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі краіны выстаяў (10 градусаў у Лельчыцах 29 лістапада 2009 года).

30 лістапада тэмпература паветра зноў панізіцца.

У гэтым месяцы рэкорды цяпла фіксаваліся таксама 4-га, 5-га, 9-га, 10-га, 13-га і 14-га чысла.

У кастрычніку рэкорды цяпла абнаўляліся 13 дзён (з 13-га па 16-е, з 19-га па 27-е), рэкорды холаду — у ноч на 31 кастрычніка. Як паведамляў Белгідрамет, такі цёплы кастрычнік адзначаны другі раз за апошнія 75 гадоў.

belapan.by