Іван Літвіновіч выйграў срэбра ЧC па скачках на батуце



Беларускі спартовец Іван Літвіновіч выйграў срэбра чэмпіянату свету па скачках на батуце ў Токіо ў індывідуальных скачках у мужчын. Ён адзіны з беларусаў трапіў у фінальны раўнд гэтага віду праграмы – тытулаваны Уладзіслаў Ганчароў спыніўся на 13-м радку выніковага пратаколу. У вырашальнай стадыі спаборніцтваў Іван Літвіновіч атрымаў за сваю праграму ацэнку 61,52 пункта. Апярэдзіць беларуса змог толькі спартовец з Кітая Гао Лей. Такім чынам, Іван Літвіновіч выйграў для Беларусі не імянную алімпійскую ліцэнзію.

„Дняпро” згуляе за права застацца ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі

У чэмпіянаце Беларусі па футболе адбыліся матчы заключнага тура. У гульні двух прэтэндэнтаў на пераходныя паядынкі менскі „Энергетык-БДУ” перамог на сваім полі магілёўскі „Дняпро” з лікам 5:3. У складзе менчан галявы дубль аформіў Ілля Шкурын, які з 19 галамі стаў лепшым бамбардзірам 29-га нацыянальнага першынства. Новаспечаны чэмпіён краіны берасцейскае „Дынама” завяршыў сезон на мажорнай ноце, абыграўшы ў гасцях менскіх дынамаўцаў з лікам 3:1. Срэбраныя прызёры цяперашняга першынства футбалісты барысаўскага БАТЭ перамаглі ў Жодзіне мясцовае „Тарпеда-БелАЗ” – 2:1, а бронзавы прызёр салігорскі „Шахцёр” адолеў на сваім полі гасцей з „Гарадзеі” – 1:0. „Слуцк” на хатняй арэне перамог гарадзенскі „Нёман” – 2:1, які заняў 10-е месца ў турнірнай табліцы. Элітны дывізіён пакідаюць „Гомель” і мінскае „Тарпеда”, якіх заменяць „Смалявічы” і бабруйская „Белшына”. Берасцейскі „Рух”, які фінішаваў трэцім у першай лізе 5 і 8 снежня правядзе пераходныя матчы з „Дняпро” за права згуляць у вышэйшай лізе ў наступным сезоне.

«Яга» прайграла ў Белхатуве

Беластоцкая «Ягелонія» саступіла ў гасцях «Ракуву» Белхатув у матчы 17-га тура польскай футбольнай экстракласы. Адзіны гол у складзе беластоцкага клуба забіў Барташ Біда. Гэта трэцяя запар параза каманды Ірэнеўша Мамрота. Перад зімовым перапынкам «Яга» згуляе яшчэ тры матчы.

«Барселона» перамагла «Атлетыка» ў матчы 15-га тура чэмпіянату Іспаніі.

Сустрэча праходзіла ў Мадрыдзе на стадыёне «Ванда метрапалітэна» і завяршылася з лікам 1:0. Аўтарам адзінага гола ў матчы стаў капітан каталонцаў Ліянэль Месі. Аргентынец забіў Яну Облаку на 86-й хвіліне ўдарам з-за штрафной плошчы, пасля таго як абыграўся з Луісам Суарэсам. «Барселона» вярнулася на 1-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі.

Даратэя Вірэр выйграла спрынт на этапе Кубка свету ў Эстэрсундзе

Італьянская спартоўка Даратэя Вірэр заняла першае месца ў спрынце на першым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у шведскім Эстэрсундзе. У беларускіх дзяўчат Алена Кручынкіна фінішавала 31-й, Дынара Алімбекава – 46-й. Ірына Крыўко паказала 56 вынік, Ганна Сола – 59-я. Сярод беларускіх хлопцаў лепшым у спрынце стаў Сяргей Бачарнікаў, які заняў 22-е месца. Перамог нарвежац Ёханэс Бё. Другім стаў яго брат Тар’ей Бё, прайграўшы 19 секунд.

Менскае „Дынама” саступіла казахстанскаму „Барысу” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі казахстанскаму „Барысу” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 1:5. Адзіную шайбу ў складзе зуброў закінуў Аляксандр Когалеў. Для падначаленых Крэйга Вудкрафта гэта трэцяя параза запар. Наступны матч менскае «Дынама» правядзе 3 снежня ў гасцях у „Сочы”.

Энрат і тры беларускія хакеісты выйгралі ў галасаванні на Матч зорак КХЛ

Актыўнасць заўзятараў менскага «Дынама» пры галасаванні на Матчы зорак КХЛ прывяла да таго, што ў стартавыя склады трапілі адразу тры беларусы і брамнік „зуброў” Юнас Энрат. Брамнікам каманды дывізіёна Тарасава будзе Юнас Энрот. Шведскі брамнік набраў 3051 голас. У гэтым сезоне Энрат правёў 25 матчаў, у якіх адбіў 89,9% кідкоў. Гэта 52-е месца ў КХЛ. У галасаванні абаронцаў дывізіёна Харламава выйграў беларускі хакеіст «Ак Барса» Крысціян Хенкель. Беларускі абаронца «Віцязя» Ілля Шынкевіч стаў лепшым у сваім амплуа ў дывізіёне Тарасава. Нарэшце, з самай вялікай перавагай выйграў форвард «Дынама» Вячаслаў Грэцкі, які першынстваваў сярод нападнікаў дывізіёна Тарасава. Наступныя тройкі гульцоў выберуць журналісты і прадстаўнікі КХЛ.

„Менчанка” прайграла маскоўскаму „Дынама” у матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Менчанкі” прайгралі на сваёй пляцоўцы маскоўскаму „Дынама” з лікам 0:3 у матчы 7-га тура расейскай жаночай суперлігі.У беларускай каманды засталося на рахунку пяць ачкоў пасля двух перамог. У наступным туры падначаленыя Віктара Ганчарова на выездзе пазмагаюцца з казанскім „Дынама”. Матч у сталіцы Татарстана пройдзе 8 снежня.

Хэмілтан перамог у Гран-пры Абу-Дабі „Формулы-1”

Пілот „Мэрсэдэса” Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам апошняга, 21-га этапа чэмпіянату свету па аўтагонках у класе „Формула-1”. На другім месцы – гоншчык з Нідэрландаў Макс Ферстапен з „Рэд Бул”, трэці вынік – у манегаска Шарля Леклера з „Ферары”. Хэмілтан стаў шасціразовым чэмпіёнам свету за два этапы да заканчэння сезона. Другім у агульным заліку апынуўся пілот „Мэрсэдэса” фін Валтэры Ботас, трэцім – Макс Ферстапен.

Беларускае Радыё Рацыя