Пестум – гэта песня! Зімовыя згадкі пра цёплую Італію



У Беларусі настала тая пахмурна-дэпрэсіўная пара, калі восень сышла, а зімовы калядны настрой яшчэ не з’явіўся на парозе… Піліпаўка, пост, шэрань.

У такі час асабліва прыемна згадваць былыя вандроўкі ў цёплыя краіны. Знаёмцеся – Пестум, поўдзень Італіі, тое месца, куды калісьці прыплылі грэкі. Старажытная грэчаская калонія сібарытаў (жыхароў горада Сібарыса) – Пасейдонія – горад быў заснаваны прыкладна ў VII ст. да н. э. як важны транспарты вузел. Назву Paestum атрымаў ужо ад рымлянаў. Былі перыяды поспеху і заняпаду, эпідэміі малярыі – праз нейкі час жыхары сышлі, заснаваўшы новы горад (Капачча), а старажытны проста знік…

Пестум быў літаральна адкапаны археолагамі ў пачатку 20 ст. У 1952 годзе тут быў створаны Археалагічны музей, дзе сабрана багатая калекцыя артэфактаў, знойдзеных у працэсе раскопак: вазы, фрэскі, пліты VII ст. да н. э. – VII ст. н. э. Найбольш вядомы і цікавы экспанат – “Надмагілле нырца” (480-470 год да н. э.) – прыклад грэчаскага мастацтва, твор, што сімвалізуе пераход ад жыцця зямнога да царства памерлых. Дарэчы, музей у Пестуме цяпер узначальвае прагрэсіўны малады чалавек, немец Gabriel Zuchtriegel, які цудоўна размаўляе па-італьянску. Тут штодзень працягваюцца археалагічныя раскопкі, а кожную першую нядзелю месяца ўваход у музей і тэмплі (храмы, страрыжытны горад…) бясплатны длля ўсіх жадаючых аматараў гісторыі. У іншыя дні ўваходны квіток каштуе 10 еўра (музей + раскопкі).

Акрамя старажытных храмаў Афіны і Геры Пестум прапаноўвае вандроўнікам наведаць сучасны музей, парадаваць вочы шыкоўнымі краявідамі гор і піній ды пасмакаваць у адной з атмасферных кавярняў мясцовае марозіва – унікальны “прадукт”! Час ад часу тут ладзяцца канцэрты на свежым паветры… І заўжды можна сустрэць розных вулічных музыкаў.

Сонца – рэдкі госць у нашых шыротах! Падчас варта з’ездзіць аж на поўдзень Італіі, каб прывезці запас сонца ў сэрцы додому… І моцы – адолець зіму!

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя