Міхал Андрасюк: Я ад пачатку імкнуўся пісаць па-іншаму
2 снежня свой юбілей, 60-годдзе, адзначыў беларускі пісьменнік, публіцыст, сябра беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Міхал Андрасюк. Аўтар такіх зборнікаў прозы як «Фірма», «Мясцовая гравітацыя», «Белы конь», «Поўня». Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Веслава Казанэцкага і сёлетняй другой прэміі імя Ежы Гедройця. Пра тое, што атрымалася дасягнуць на літаратурнай ніве, а таксама пра планы, якія яшчэ чакаюць рэалізацыі Міхал Андрасюк распавёў у гутарцы з Аннай Шайкоўскай.
РР: 60 гадоў – гэта ёсць час, калі ўжо можна падвесці пэўныя вынікі – і жыццёвыя, і літаратурныя. Ты дэбютаваў на старонках «Нівы» ў канцы 70-х гадоў. Ці памятаеш гэты твор? Памятаеш, што паспрыяла, як ты вырашыў пісаць?
Міхал Андрасюк: Не памятаю дакладна, што першым было надрукавана ў «Ніве». Але, бадай, можна сказаць, што і раней, у палове 70-х, былі нейкія вершыкі. У «Парнасіку» была такая рубрыка ў «Ніве», дзе маладыя аўтары, вучні маглі дасылаць свае творы, яны там друкаваліся. І гэта быў вялікі гонар, і шчасце пабачыць сваё прозвішча, надрукаванае ў газеце. А ўжо на дарослай старонцы «Нівы», то сапраўды напрыканцы 70-х. Напэўна, гэта быў нейкі вершаваны твор. Нават не ведаю, ці можна гэта называць вершамі. З такіх вершаванак я пачынаў свой літаратурны шлях.
Адкуль зацікаўленне літаратурай? Ад зацікаўлення кнігай. У дзяцінстве я вельмі любіў чытаць, і ў сваёй школьнай бібліятэцы, а гэта была пачатковая школа ў Старыне, я бадай што перачытаў усё, што было можна. І памятаю, ужо ў такой роспачы, адчаі, няма чаго ўзяць, няма чаго чытаць, усё прачытана. Я пазычыў у гэтай школьнай бібліятэцы кнігу пра вырошчванне буракоў. І чытаў яе. Памятаю, бацькі не вельмі прыязным вокам глядзелі на гэтую маю манію чытання. Бо трэба ж вучыць матэматыку, фізіку, усе астатнія школьныя прадметы, а не толькі чытаць кніжкі. Так што мне здаралася чытаць пад коўдрай пры ліхтарыку, каб ніхто не бачыў. І пэўна адтуль такія дзіцячыя мары, што было б файна калісьці пабачыць кніжку, сваё прозвішча на вокладцы.
РР: І мары здзейсніліся. У 2000 годзе выйшаў першы твой зборнік апавяданняў «Фірма».
Міхал Андрасюк: Так. Дакладна. На пачатку 2000 года. Памятаю гэтую кніжку. У сэнсе, пах гэтай друкарскай фарбы. І вокладку. Яна склалася, па вялікім рахунку, з тэкстаў, якія друкаваліся раней у «Ніве». І былі тэксты, якія раней не друкаваліся. Сціплая кніжка. Але ў пэўным сэнсе, яна вельмі важная, бо гэта такі доказ, легітымнасць твайго існавання ў літаратуры.
РР: Мне як раз з гэтай кнігі запомнілася апавяданне пра Колю, які лётаў над Гайнаўкай. Такое спалучэнне метафізікі з рэчаіснасцю жыцця на ўскрайку Пушчы. Не ведаю, мне асацыюецца з працамі Марка Шагала.
Міхал Андрасюк: Ну так, Шагал таксама лётаў над сваім Віцебскам. Мяне, з самага пачатку, цікавіла пісаць па-свойму, пісаць крыху іначай, як пішуць астатнія. Знайсці нейкую сваю кніжную паліцу ў гэтай вялікай-вялікай нашай беларускай літаратуры. Дарэчы, не толькі ў беларускай, проста ў літаратуры. Каб чытач, не глядзеўшы нават на вокладку, на імя, прозвішча, прачытаўшы некалькі радкоў, мог здагадацца, хто аўтар. Наколькі гэта ўдаецца, не ведаю. Крыху напэўна ўдаецца. Вось ужо самая першая кніжка «Фірма» была заўважана менавіта таму, што адрознівалася – і стылістыкай, і тэмай, і пабудовай фразы. Напэўна не была гэта высокага палёту літаратура. Але для чытача гэта было нешта іншае, новае. На Беласточчыне, калі казаць пра прозу, ніхто так не пісаў. Такія да мяне прыходзілі меркаванні ад чытачоў.
РР: Пасля «Фірмы» з’явіліся чарговыя кнігі – «Мясцовая гравітаця», «Белы конь», «Вагон другога класа», у мінулым годзе – «Поўня». Але, чытаючы твае кнігі, заўважаю адно – гэта ёсць расповед пра нас, пра людзей, якія жывуць на ўскрайку Белавежскай пушчы, на мяжы Польшчы і Беларусі. Знікае мяжа між светамі, і чытач уваходзіць у такую метафізіку.
Міхал Андрасюк: Ад крытыкаў і літаратуразнаўцаў я чуў і такое меркаванне, што я ўвесь час пішу адну кнігу. Можа крыху і так. З увагі хаця б на тое, што месца аб’ядноўвае ўсе мае ранейшыя кнігі. Хаця, напэўна бачу і саму эвалюцыю, калі казаць пра тэму, пра пабудову, пра настрой, пра пошукі чагосьці метафізічнага менавіта. Героем шмат якіх маіх кніжак з’яўляецца мой родны горад Гайнаўка і мая роднай Гайнаўшчына. Кажуць пра Гайнаўку, што гэта звычайнае мястэчка, работніцка-сялянскае. Такая яго гісторыя. Прытым яшчэ кароткая гісторыя. А толькі нешта спрадвечнае, з такім доўгім-доўгім хвастом хавае за сабой нейкую таямніцу. Мне заўсёды хацелася знайсці ў гэтых звычайных вулачках, у гэтых звычайных дамах іх таямнічую душу, увогуле іх таямніцу. А калі яе не было, яе трэба было будаваць. Калі няма легенды, няма міфу, трэба проста гэты міф ствараць. Гэта таксама сэнс літаратуры.
РР: Апошнія гады вельмі важныя, на маю думку, для цябе як для літаратара. Маю на ўвазе прызнанне польскім асяроддзем у Беластоку. Гэта ёсць прэмія Веслава Казанэцкага. Але таксама і намінацыя да прэміі імя Гедройца ў Менску.
Міхал Андрасюк: Для мяне было цікава, што «Поўня» атрымала ў Менску другое месца ў прэміі Гедройца. Але разумею таксама, што ўсялякія прэміі – гэта гульня, гэта забава проста. Ёсць журы, ёсць канкрэтныя людзі, якія судзяць гэтыя кнігі. Былі б іншыя людзі ў журы, можа мая «Поўня» зусім правалілася б на самым пачатку. А можа была б першая. Не ведаю, гэта проста ўсё суб’ектыўна. І не трэба вельмі браць у галаву такія літаратурныя конкурсы. Скажам, калі кнігу прызнаюць у адным, у другім, у трэцім, у чацвёртым конкурсе, розных зусім конкурсах, тады сапраўды можна ўжо думаць, што гэта штосьці добрае, лепшае за ўсё астатняе ў нейкім прамежку часу.
РР: З нагоды юбілею дазволю пажадаць творчых думак для чарговых кніжак, не дзеля ўзнагарод, а дзеля таго, каб мы мелі магчымасць прачытаць і апынуцца ў гэтым адметным, непаўторным свеце прозы Міхала Андрасюка.
Міхал Андрасюк: Дзякуй.
Цалкам размова ў гукавым файле:
Размаўляла Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Алеся Аркуша