Дзмітрыя Казлова аштрафавалі на 510 рублёў (абноўлена)
Суддзя Кацярына Мажэйка прызнала аршанскага відэаблогера вінаватым паводле артыкула 23.34 КоАП – за парушэнне заканадаўства аб арганізацыі і правядзенні масавых акцый. У прыватнасці, Дзмітрыя Казлова абвінавацілі ў размяшчэнне ў сацыяльных сетках заклікаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу 15-га лістапада. За гэта яму прысуджаны штраф памерам 20 базавых велічынь.
Відэаблогер, вядомы пад нікам “Шэры кот”, быў затрыманы 30-га лістапада ў Аршанскім райаддзеле міліцыі, куды яго выклікалі позвай па адміністрацыйнай справе. З таго часу ён знаходзіўся пад вартай, і меркавалася, што судовы працэс адбудзецца ранкам 2-га снежня. Але ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць Дзмітрыя Казлова, змусілі чакаць пачатку суда цэлых 8 гадзінаў – такога ў Воршы яшчэ не бывала. На судовы працэс у суд Воршы і Аршанскага раёну прыйшлі грамадскія актывісты, праваабаронцы, журналісты, а таксама з’ехаліся калегі-відэаблогеры з розных гарадоў Беларусі. Паўтара дзясятка чалавек спачатку скіравалі ў Аршанскі РАУС, а па абедзе паведамілі, што працэс адбудзецца ў будынку суда. Разбор справы пачаўся толькі а 17-й гадзіне.
Дзмітрый Казлоў мае позву на яшчэ адзін адміністрацыйны працэс. За парушэнне таго самага артыкула 23.34 яго будуць судзіць 6-га снежня ў Маскоўскім райсудзе Менска.
* * *
Дзмітрый Казлоў, відэаблогер, вядомы пад нікам “Шэры кот”, быў затрыманы 30-га лістапада ў райаддзеле міліцыі, куды яго выклікалі позвай па адміністрацыйнай справе.
З таго часу ён знаходзіўся пад вартай, і меркавалася, што судовы працэс адбудзецца ранкам 2-га снежня. Але ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць відэаблогера, спачатку накіравалі у мясцовы райаддзел міліцыі, і да 13-й гадзіны людзі чакалі там. Потым прысутным паведамілі, што абвешчаны перапынак, а каля 14-й высветлілася, што судовы працэс пераносіцца ў будынак суду. Паводле раскладу, працэс мусіў распачацца а 15-й, але ў 16.29 прысутныя ўсё яшчэ чакалі ў калідоры.
Увесь гэты час відэаблогер Сяргей Ціханоўскі вёў трансляцыю падзей, ён падрыхтаваў на падтрымку Дзмітрыя Казлова і адмысловыя плакацікі – “Свабоду Шэраму кату”.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша