Праваабаронцы адзначаюць рост рэпрэсій



Удзельнікі кампаніі назірання „Праваабаронцы за свабодныя выбары” выказалі пратэст „у сувязі з ростам рэпрэсій у поствыбарны перыяд”.

„Правядзенне выбараў у цэлым не прывяло да значнага росту рэпрэсій у краіне, што было адзначана намі як станоўчы факт, — адзначаецца ў заяве, якая паступіла ў БелаПАН. — Аднак, як нам стала вядома, у перыяд пасля завяршэння выбараў былі пачаты адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да больш чым дваццаці актыўных удзельнікаў пратэстных мірных акцый, якія праходзілі ў Менску ў перыяд электаральнай кампаніі, у тым ліку ў дачыненні да грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты, давераных асоб, членаў ініцыятыўных груп”.

Праваабаронцы лічаць, што грамадзяне „пераследуюцца за мірную рэалізацыю імі асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў у перыяд правядзення выбараў” і расцэньваюць гэта як „парушэнне правоў чалавека і непрыхаваныя палітычныя рэпрэсіі ў поствыбарны перыяд”, што „яшчэ больш падкрэслівае недэмакратычны характар цяперашняй электаральнай кампаніі”.

Аўтары заявы патрабуюць ад уладаў „неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў” і заклікаюць іх „да выканання сваіх абавязацельстваў у сферы правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

2 снежня суды ў Менску і Оршы аштрафавалі пяць удзельнікаў перадвыбарных акцый у сталіцы.