Малгажата Дмітрук намінаваная на прэстыжную прэмію



Малгажата Дмітрук – польская мастачка беларускага паходжання з Бельска Падляшскага, доктар габілітаваны, прафесар Варшаўскай акадэміі мастацтва. Яна намінаваная на ўзнагароду польскага аддзялення ІBBY за лепшыя ілюстрацыі да дзіцячай кнігі „Войтэк” Войцеха Мікалушкі (Выдавецтва Agora).

Як адзначае мастачка Малгажата Дмітрук, гэта яе дэбют:

– Я па шчырасці была вельмі здзіўленая гэтай радаснай навіной. Для мяне гэта вельмі важна, бо гэта дэбют. Я стварыла ілюстрацыі да тэксту Войцеха Мікалушкі. У Польшчы гэта вельмі прэстыжная ўзнагарода. Важна папулярызаваць чытанне, выбіраць добрыя кнігі.

Лаўрэаты ўзнагароды „Кніга года” польскага аддзялення IBBY будуць агучаныя 17 снежня.

IBBY – гэта міжнародная арганізацыя non-profit, якая займаецца рэкламай дзіцячай і моладзевай літаратуры. Яна была заснавана ў 1953 годзе ў Швейцарыі. У 1973 годзе да арганізацыі далучылася Польшча. Цяпер у розных краінах свету дзейнічае 76 аддзяленняў IBBY.

Беларускае Радыё Рацыя