Аляксандру Бялецкаму будзе вернутая канфіскаваная маёмасць



Былому дырэктару РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандру Бялецкаму будзе вернутая канфіскаваная маёмасць. Такое рашэнне прыняў 3 снежня Мінскі гарадскі суд.

У адпаведнасці з пастановай суда, якую зачытала на пасяджэнні суддзя Валянціна Зянькевіч, Бялецкі вызвалены ад дадатковага пакарання ў выглядзе канфіскацыі маёмасці, паведамілі БелаПАН у судзе.

15 лютага 2019 года Бялецкі быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару асобай, якая займае адказную пасаду (ч. 3 арт. 430 КК), і прыгавораны да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў. Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

Як растлумачылі ў Мінгарсудзе, 19 ліпеня 2019 года ўвайшоў у сілу закон ад 9 студзеня 2019 года „Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь”, быў выключаны артыкул 61 КК. Згодна са змяненнямі, прыгавораныя да дадатковага пакарання ў выглядзе канфіскацыі маёмасці падлягаюць вызваленню ад гэтага віду пакарання, калі яно не выкананае.

Як паведамляў БелаПАН, суд прызнаў Бялецкага вінаватым у атрыманні хабару не менш як на 7 тыс. долараў. Арышту ж падлягала і было канфіскавана паводле прыгавору Мінскага гарадскога суда 354,6 тыс. долараў, 65 тыс. еўра наяўнымі, больш за 120 тыс. долараў на рахунках у розных банках. Суд таксама вынес вызначэнне канфіскаваць дом у Ратамцы, кватэру ў Менску, аўтамабіль „БМВ”, гараж і машына-месца ў Менску.

belapan.by