Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю – 3 снежня



Трэцяга снежня адзначаецца Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. Да гэтага дня дзяржаўныя арганізацыі падрыхтоўваюць даклады і інфармацыйныя паведамленні, каб адзначыць тое, як вырашаюцца праблемы людзей з інваліднасцю. Робяць гэта і недзяржаўныя грамадскія аб’яднанні, але дыялог паміж дзяржавай і грамадствам не зусім атрымоўваецца.

Кажа Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю:

– Была такая тэндэнцыя гадоў некалькі таму, калі прэс-канферэнцыя афіцыйная рабілася і з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, але ў апошнія гады гэтая традыцыя страцілася. Грамадскія аб’яднанні робяць самі сабе нейкія інфармацыйныя акцыі, а дзяржава робіць сваё, дзе асноўныя міністэрствы робяць даклад аб тым, з чым мы прыйшлі на гэты год, на гэтае 3 снежня. Кожны паасобку робіць свой даклад, і яны розныя.

Адрозненні ў бачанні праблемаў людзей з інваліднасцю палягаюць у тым, што дзяржава абмінае важныя тэмы:

– Год ад году ў гэты дзень не выказваюцца найбольш вялікія праблемы, пра якія мы кажам. Гэта праблемы парушэння правоў, праблемы дзеяздольнасці, праблемы інтэрнатаў. І ў гэты дзень неяк няёмка дзяржаве казаць пра тое, што ёсць на гэты час нявырашаныя праблемы, якія пакуль не стаяць у палітычным парадку.

Замест гэтых праблем для дзяржавы больш прынята казаць пра эканамічны стан, пра сацыяльныя ўмовы і інавацыі сацыяльных тэхналогій у дачыненні да людзей з інваліднасцю. Добра, што такія тэмы дзяржавай падымаюцца, але гэтага цалкам недастаткова, кажа Сяргей Драздоўскі.

Беларускае Радыё Рацыя