Сяргей Марціновіч: У абліччы Віцебску застаецца ўсё менш беларуcкага



Віцебскі краязнаўца займаецца даследаваннямі гісторыі Віцебску, ён з’яўляецца сталым аўтарам інтэрнэт-газеты “Витебский курьер”. Але сфера зацікаўлення Сяргея Марціновіча – гэта не старадаўнія часы, а эпоха маладосці нашых бабуль, 1920-30-я гады, і пазнейшы перыяд – да 1980-х.

Краязнаўца працуе ў архівах, вывучае тагачасныя газетныя публікацыі, збірае ўспаміны мясцовых жыхароў, запісвае ўласныя назіранні. І часам прыходзіць да несуцяшальных высноваў. Прыкладам, нават у часы СССР, калі дзяржава імкнулася выхаваць пакаленні “савецкіх людзей” і нацыянальная самабытнасць не была прыярытэтам, Віцебск быў куды больш беларускім, чымсьці зараз, кажа Сяргей Марціновіч:

– Нацыянальнай самабытнасці ўсё менш і менш застаецца. Горад увогуле робіцца нейкім стандартным. Шмат з таго, што вылучала горад, — збудаванні, архітэктурныя помнікі, яны спрошчваюцца. Збіваецца ляпніна, усё абшываецца “тэрмашубай”, нават мазаікі ці выявы, якія былі зроблены яшчэ ў 1970-я ў нацыянальным стылі. Дамы, на якіх яны былі, ужо цяжка знайсці.

Краязнаўца распавядае пра помнікі архітэктуры ў 1930-х, так званыя “дамы-камуны”, дзе сама планіроўка жытла мусіла спрыяць выхаванню “будаўнікоў камунізму”. І параўноўвае з тагачасным сённяшняе стаўленне да насельнікаў гораду, калі іхныя меркаванні і сапраўдныя патрэбы ўлічваюцца ў яшчэ меншай ступені. Так, гараджане дагэтуль не даравалі знішчэння плошчы Перамогі, лічыць краязнаўца:

– На месцы маляўнічага парку з фантанамі, алеямі, альпійскімі горкамі была зроблена залітая бетонам пляцоўка, на якой большую частку году ніхто не гуляе. І калі ў сацыяльных сетках нехта выкладае выявы былой плошчы Перамогі, гэта выклікае ў гараджанаў настальгічныя пачуцці, і яны заўжды лаяць тую плошчу, якая існуе зараз.

Ці не таму сучасная моладзь куды менш любіць свой родны горад, чымсьці старэйшае пакаленне, якое памятае Віцебск іншым?

Цалкам гутарку з краязнаўцам Сяргеем Марціновічам слухайце ў далучаным файле.

Алена Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя