Зіма…



Мы жывем у той дзіўнай памежнай краіне, дзе добра вядома, што будзе заўтра і паслязаўтра, на працягу тыдня і на працягу месяца… І так не першы год.

Праўда, апошнім часам дакладна можна сказаць адно – мы прачнемся зімой! А дзе менавіта, у якой дзяржаве і які ў нас план на бягучую пяцігодку, сказаць няпроста. Жыццё пайшло такое супярэчлівае: то там нешта пачуеш падазронае, то тут – трывожнае… І крыўдна за дзяржаву, і свае пазіцыі здаваць канчаткова не выпадае, а змагацца няма каму – дзіўны стан душы… Дзіўныя настроі ў дзяржаве.

То паразважаем пра тое, што ведаем больш-менш нармалёва, – пра кошты! Той, хто любіць прачнуцца і паснедаць канапкамі з ікрой, можа асабліва не пераймацца: ікра трохі патаннела. Свініна і макароны – таксама… Што ж тычыцца грэчкі, манкі, солі, алею, малочных прадуктаў і садавіны, то яны зноў падаражэлі. Дадзеныя ад прафсаюзнага маніторынгу коштаў прыводзіць Tut.by. Маецца на ўвазе Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

“Дзяржаўныя” прафсаюзы зрабілі традыцыяй штомесячны маніторынг коштаў у розных рэгіёнах, сталі параўноўваць кошты прадуктаў і заробкі суайчыннікаў. 274 гандлёвыя кропкі. 98 найменняў прадуктаў. Займальнае даследванне! А з мэтай выявіць апераджальны рост коштаў на тыя ці іншыя прадукты федэрацыя аналізуе ўвесь ланцужок коштаўтварэння – ад вытворцы да рознічнага гандлю. Прафсаюзнікі лічаць, што пры любым выпадку неапраўданага росту коштаў варта прымаць меры. Нядаўна таварышы заўважылі такі неапраўданы рост коштаў на капусту, моркву, цыбулю і бульбу… З мэтай урэгулявання сітуацыі была арганізаваная сустрэча дзяржаўных органаў, гандляроў і фермераў… Паразмаўлялі на самым высокім узроўні… Ці дапаможа такое кіданне на амбразуру інфляцыі стрымаць рост коштаў?

Перазімуем – нешта пачуем? І дзе прачнемся вясной?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ