Кітайская кампанія пабудуе пад Воршай гандлёвы гарадок



Міжнародны гандлёвы гарадок з’явіцца ў адмысловай эканамічнай зоне „Брэміна-Орша” ў Віцебскай вобласці. Гэта прадугледжана пагадненнем, якое падпісалі кіраўніцтва кампаній „Брэміна груп” і Shaanxi Zhongqiao Silk Road Technology Development Co., Ltd, паведамляецца на сайце „Брэміна груп”.

Інвестыцыйны праект прадугледжвае будаўніцтва аб’ектаў Міжнароднага гандлёвага гарадка Шаўковага шляху на тэрыторыі зоны „Брэміна-Орша” на плошчы 62 га.

„Міжнародны гандлёвы гарадок Шаўковага шляху з’яўляецца маштабным гандлёва-выставачным комплексам, дзе будзе ажыццяўляцца аптовы і дробнааптовы гандаль таварамі народнага спажывання, дастаўка тавараў і складаванне, аперацыі па гандлі таварамі з электронных пляцовак, а таксама правядзенне выстаў тавараў з розных азіяцкіх краін”, — гаворыцца ў паведамленні.

Праект рэалізуецца ў рамках ініцыятывы Кітая „Пояс і шлях”. Сума інвестыцый складае больш за 128 млн рублёў.

На падставе падпісанай дамовы кампанія атрымлівае пасведчанне рэзідэнта АЭЗ і можа пачынаць рэалізацыю бізнес-плана.

Як паведамлялася раней, кампанія „Брэміна груп” мае статус нацыянальнага лагістычнага аператара. Адмысловая эканамічная зона „Брэміна-Орша” пачала функцыянаваць 22 чэрвеня 2019 года ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 21 сакавіка 2019 года № 106.

„Брэміна-Орша” мае выгаднае тэрытарыяльнае размяшчэнне, абумоўленае наяўнасцю міжнароднай чыгуначнай лініі, перасячэннем аўтамагістраляў Е30/Е95, непасрэднай блізкасцю да мяжы Расійскай Федэрацыі, наяўнасцю міжнароднага аэрадрома Орша.

На тэрыторыі АЭЗ зацверджаны спецыяльны прававы рэжым на 50 гадоў. Органамі кіравання АЭЗ вызначаныя кіруючая кампанія ТАА „Брэміна груп” і дзяржаўная ўстанова „Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны „Віцебск”.

Цяпер у Беларусі дзейнічае яшчэ адна адмысловая эканамічная зона — у кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень”.

belapan.by