Дзяржкаммаёмасць выставіць на аўкцыён акцыі „Прыёрбанка”



Дзяржаўны камітэт па маёмасці ў наступным годзе плануе правесці аўкцыён па продажы акцый „Прыёрбанка”, якія належаць дзяржаве, паведаміў 4 снежня журналістам у парламенце старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.

„Аўкцыён па „Прыёрбанку” адбудзецца ўжо ў наступным годзе. Мінімум месяц патрэбны на апавяшчэнне патэнцыйных пакупнікоў. Нават будзе крыху большы тэрмін вызначаны, каб банкі, якія выказваюць цікавасць, маглі правесці свае ўнутраныя працэдуры”, — сказаў Гаеў.

Раней паведамлялася, што дзяржпакет акцый „Прыёрбанка” хацеў купіць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. У офісе ЕБРР БелаПАН паведамілі, што здзелка можа адбыцца ў першым квартале 2019 года. Меркавалася, што гаворка будзе ісці аб партфельнай інвестыцыі, і ў будучыні ЕБРР можа прадаць мінарытарны пакет асноўнаму акцыянеру банку — аўстрыйскай групе Raiffeisen.

„Прыёрбанк” — самы буйны камерцыйны банк з заходнееўрапейскім капіталам, уваходзіць у сямёрку сістэмна значных банкаў Беларусі. На гэты момант доля Raiffeisen у статутным фондзе „Прыёрбанка” складае 87,7%, астатнія акцыі банка належаць фізічным асобам і дзяржаве.

belapan.by