Ігар Барысаў: Як з Крамлём ні інтэгруйся – атрымаецца Расея



Размовы пра інтэграцыю з Расеяй — гэта чарговая спроба рэжыму Лукашэнкі працягваць імітацыю сяброўства з усходнім суседам.

Аднак варта памятаць, што весці перамовы з Расеяй на роўных немагчыма, імперыя не хоча заўважаць іншыя народы і краіны, гаворыць старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў:

– Любая гульня з Расеяй – пагроза. Іх перайграць не атрымаецца, іх значна больш, яны валодаюць значна большым рэсурсам і значна большым уплывам. Таму як ты з імі не інтэгруйся, на выхадзе ўсё роўна будзе Расея. Гэту небяспеку разумеюць і ў кіруючых колах. Я больш чым упэўнены, што беларускі бок будзе казаць, што гэта трэба, але гэты працэс будзе бясконцы. 

Аднак проста назіраць гульні за спінамі беларусам не варта, трэба выступаць за незалежнасць. Пратэст можа стаць вельмі буйным, паколькі за апошнія гады пасля анексіі Расеяй частак Грузіі і Украіны яшчэ больш беларусаў зразумелі сутнасць імперскай палітыкі. А таму не хочуць шчыльнага супрацоўніцтва з Расеяй і тым больш страты незалежнасці, кажа Ігар Барысаў:

– Калі будзе нешта сур’ёзнае, то натуральна трэба выходзіць, рабіць гэта больш маштабна, чым гэта было ў Вільні. Для расейцаў і кіраўніцтва Беларусі гэта наглядны прыклад, колькі беларусаў дабралося за 180 кіламетраў, колькі там было сцягоў, і колькі можа быць тут у выпадку чагосьці такога, што будзе замінаць нашым нацыянальным інтарэсам і незалежнасці беларускай дзяржавы. 

Раней стала вядома, што 8 снежня рыхтуецца падпісанне новай дамовы паміж Беларуссю і Расеяй, аднак людзям не паведамляюць ніякіх дэталяў угоды. Гэта спарадзіла небяспеку страты нашай краінай незалежнасці.

Палітык Павел Севярынец заклікаў 7-га снежня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу Менска на выступ у абарону незалежнасці Беларусі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск