Падведзены вынікі праграмы „Польскае супрацоўніцтва для развіцця Беларусі”



У Менску падведзеныя вынікі за 2019 год праграмы „Польскае супрацоўніцтва для развіцця Беларусі” ў межах прагарамы „Польская дапамога”.

Па словах амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, досвед гэтага супрацоўніцтва, якое працягваецца ўжо некалькі гадоў, паказвае, што праграма рэальна дапамагае розным людзям у розных месцах Беларусі.

– Мы будзем працягваць у гэтым жа рэчышчы, бо ўсе кірункі: абарона развіцця асобы, развіцця чалавека, таксама рэчы экалагічнага характару – яны ў сучасным свеце неверагодна важныя. Па гэтым кірунку трэба ісці. Таксама дапамога ў стварэнні добрых падмуркаў для эканамічнага развіцця. І таксама турызм – гэта надзвычай важна, ён прыносіць прыбытак. Ён дапамагае развіваць і іншыя галіны. І, нарэшце, я хацеў бы сказаць пра гуманітарны складнік – дабрачыннасць, якая дапамагае асабліва тым, хто апынуўся ў складаных абставінах жыцця, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. І праекты, якія мы робім, мы імкнемся рабіць так, каб яны былі адкрытыя для ўсіх. Каб яны прыцягвалі гэтых людзей, каб яны выйшлі з замкнёнага кола свайго дома, каб яны былі з іншымі, каб з’яўляліся часткай грамадства. У гэтым кірунку працуем. І праект “Карытас” паказвае, што кожны год павялічваецца сума на развіццё. І польскія, і беларускія партнёры задаволены роўнем супрацы. І што гэта, па-першае,  прыносіць канкрэтныя вынікі. А па-другое, мне падаецца, садзейнічае развіццю нашага добрасуседства. У гэтым годзе мы рэалізавалі каля 20 праектаў на суму звыш 2 млн. еўра.

Валер Скакун, прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі:

– Важным кірункам і неад’емным элементам нашай супрацы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча з’яўляецца рэалізацыя праектаў, якія фінансуюцца польскім бокам у рамках праграмы „Польская дапамога”. Праекты рэалізуюцца ў розных кірунках, галінах народнай гаспадаркі. У большасці гэта праекты, накіраваныя на сацыяльныя блокі пытанняў – гэта ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная дапамога. Зараз мэтай падпісання дамовы паміж Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта і Пасольствам Польшчы з’яўляецца тое, што мы замацавалі абавязкі па фінансаванні праектаў, па каардынацыі дзейнасці.

Падчас мерапрыемства было прадстаўлена 8 праектаў. Адзін з іх – гэта развіццё прадпрымальніцтва ў сферы турызмы на памежных землях Падляшша і Гарадзеншчыны.

Па словах намесніцы кіраўніка ўпраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай, супрацоўніцтва ў гэтай сферы паміж Полшчай і Беларуссю  ў апошнія 3 гады развівалася вельмі актыўна:

– Дзякуючы гэтаму рэалізаваны шэраг праектаў, інфраструктурных у першую чаргу. Мы змаглі абсталяваць першы і ў прынцыпе адзіны пакуль транспамежны паўнавартасны роварны маршрут. Пабудаваць там месцы для адпачынку, маркіраваць, рэкламаваць яго. Зараз мы заканчваем рамонт турінфацэнтра ў Сапоцкіне для таго, каб арганізаваць там пракат веласіпедаў. Дзякуючы праграме “Польская дапамога” мы набылі сто ровараў, якія будуць выкарыстоўвацца для развіцця пракату на Аўгустоўскім канале.

Таксама пасьпяхова развіваюцца адносіны ў сферы культуры. І радуе, што наперадзе рэалізацыя новых праектаў. І мы гэтаму вельмі рады, – сказала Таццяна Лідзяева. 

Напрыканцы імпрэзы кіраўнік амбасады Польшчы ў Беларусі  Артур Міхальскі і дырэктар Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Валер Скакун падпісалі новае Пагадненне аб супрацоўніцтве  ў межах праграмы „Польская дапамога” для Беларусі.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск