Пра былы парламент
Дэпутаты шостага склікання Палаты прадстаўнікоў скончылі сваю працу. Хаця па-шчырасці, што дэпутаты шостага, што сёмага, што пятага, што трэцяга склікання – абое рабое. З такім жа поспехам іхнюю работу маглі б рабіць робаты, якія б галасавалі за тое, за што трэба.
Чым запомніўся парламент шостага склікання? За больш чым тры гады працы самі дэпутаты прапанавалі цэлых шэсць законаў. І ажно палова, то-бок тры, былі прынятыя. Актыўнасць дэпутатаў проста ўражвае. Агулам дэупататы разглядзелі 450 законапраектаў, большую частку з якіх прапанаваў урад.
Сярод нашумелых законаў, за якія можна не любіць дэпутатаў шостага скалікання, – ухваленне закона “Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. Самае галоўнае ў гэтых зменах,— гэта тое, што адтэрміноўка на навучанне даецца толькі адзін раз. То-бок адвучыўся, напрыклад, у тэхнікуме, а ва ўніверсітэт можна толькі пасля службы ў войску. Тое ж самае датычыць і магістратуры, і аспірантуры. Гэта ў Еўропе пасля ўніверсітэта можна займацца навуковай дзейнасцю. А ў Беларусі – не. У Беларусі дэпутаты вырашылі, што спачатку кірзавыя боты панасі год, а потым ужо можаш вывучаць, як выратаваць чалавецтва ад ракавых захворванняў.
За тры гады сваёй працы дэпутаты шостага склікання так і не наважыліся ўключыць у стаж для налічэння пенсій службу ў войску, дэкрэт і вучобу ў ВНУ. А вось праца дэпутатаў з ініцыяванымі шасцю законамі ў страхавы стаж наадварот пойдзе.
А яшчэ дэпутаты шостага склікання ўхвалілі змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”. Самае галоўнае, што Закон забараніў распаўсюд прадукцыі замежных СМІ у Беларусі. А таксама ўвёў абавязковую ідэнтыфікацыю асобаў, якія размяшчаюць матэрыялы ці каментары на форумах і інтэрнэт-рэсурсах. То-бок цяпер, каб падзяліцца сваімі думкамі з іншымі інтэрнэт-карыстальнікамі, давядзецца пакінуць пра сябе звесткі. А менавіта імя, прозвішча, дату нараджэння, нумар тэлефона і нават пол. І толькі пасля гэтага вам дашлюць смс-код для таго, каб вы змаглі каментаваць на інтэрнэт-рэсурсе. Карацей, за падобныя законы дэпутатам шостага склікання “дзякуй” дакладна казаць не хочацца.