Наталля Герасімюк: Зараз як раз час ствараць калядныя зоркі



Хрысціяне ўсіх канфесій увайшлі ў радасны перыяд чакання Нараджэння Хрыстовага. У вернікаў праваслаўнай царквы – гэта перыяд посту, званага Піліпаўкай. Апрача царкоўнага календара і хатніх заняткаў зімовага перыяду, на беларускіх вёсках Падляшша ў гэты час выраблялі або аднаўлялі сімвал святаў – калядную зорку.

І да гэтай традыцыі вяртаецца Гайнаўскі Фонд «Яны гэта мы». 5 снежня ў вясковай святліцы ў Старым Бэрэзове адбудуцца беларускія вячоркі, падчас якіх якраз будуць аднаўляць калядную зорку.

Кажа старшыня Фонду «Яны гэта мы» Наталля Герасімюк:

– Падчас некалькіх нашых сустрэчаў убачылі, што ў кутку ляжаць старыя зоркі. Зоркі, якія былі зроблены калядоўшчыкамі шмат гадоў таму. І яны патрабуюць аднаўлення. Падумалі, чаму не. Акурат цяпер надыходзіць той час, калі людзі рабілі гэтыя калядныя зоркі, калі яны іх аднаўлялі. І выберымся мы таксама да Старога Бэрэзова, каб гэтыя зоркі вярнуць да жыцця.

Беларускія вячоркі, прысвечаныя калядным традыцыям, падчас якіх будуць аднаўляць калядныя зоркі, адбудуцца 5 снежня ў вясковай святліцы ў Старым Бэрэзове на Гайнаўчыне. Пачатак а 17-ай гадзіне.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя