Прапаганда і праўда
Паўтары тыдні прайшло пасля віленскіх урачыстасцяў па пахаванні паўстанцаў 1863 года, а водгулле падзеі не сціхае. Тыя сябры і знаёмыя, хто з розных прычын не здолеў патрапіць у нашу старажытную сталіцу ў дзень мемарыяльнага ўшанавання, працягваюць тэлефанаваць і распытваць падрабязнасці. У беларускай незалежнай прэсе і на інтэрнэт-прасторы людзі надалей актыўна дзеляцца ўражаннямі, каментарамі, яркімі фотаздымкамі і цікавым відэа, не шкадуюць выяўляць эмоцыі. Там-сям узнікаюць спрэчкі, дыскусіі, якія выходзяць за рамкі ўласна падзеі. Спрэчкі датычныя нашых нацыянальных гімнаў, спрэчкі датычна асвятлення ўрачыстасцяў у медыях, спрэчкі адносна стасункаў народу і дзяржавы Рэспублікі Беларусь, спрэчкі пра гістарычныя і цяперашнія дачыненні беларусаў і суседзяў.
Ацэньваць гэтыя дыскусіі, часам досыць вострыя і зацятыя, можна па рознаму. Некаторыя выказваюцца ў тым духу, што няма чаго дзяліць шкуру неўпаляванага мядзведзя, пакуль у нашым нацыянальным доме бяда. Гэта, прыкладам, да спрэчак пра тое, які з трох нашых гістарычных гімнаў павінен стаць дзяржаўным у перспектыве.Шырокі розгалас атрымала выказванне дырэктаркі тэлеканалу Белсат Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, якая справядліва абурылася неаб’ектыўнасцю (і гэта зараз мякка сказана), якую выявіў пры асвятленні віленскага пахавання вядомы польскі тэлеканал TVP. Тэлевізійнікі гэтага каналу старанна ў сваім рэпартажы пастараліся “не заўважыць” на урачыстасці шырокую прысутнасць беларусаў, прадстаўляючы іх як “палякаў з Літвы”, а бел-чырвона-белы сцяг у адным фрагменце паказалі як бел-чырвоны. Відаць, перад гэтым з’ездзілі на стажыроўку да лукашэнкаўскай тэлевізійнай абслугі. Тая ж дасягнула вышэйшага пілатажу ў сваім майстэрстве, змогшы зляпіць сюжэт, у якім з соцень бел-чырвона-белых сцягоў не было бачна аніводнага (!). Пазней старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, душой і целам адданы свайму сённяшняму начальніку, заявіў, што вобраз Каліноўскага выкарыстоўваюць для расколу грамадства, яго “дэманстратыўна кладуць пад бел-чырвона-белы сцяг”. Потым адзін з галоўных прапагандыстаў РБ схлусіў, што ў дзяржаве шануюць Каліноўскага – “у нас улицы называют его фамилией”. Насамрэч у Беларусі некалькі вуліц гарадоў былі названы ў гонар Кастуся Каліноўскага яшчэ за савецкім часам, тады ж яму пастаўлены і адзіны невялічкі помнік-бюст у Свіслачы. Яшчэ можна паведаміць “эйсмантам”, што змагаліся паўстанцы якраз пад штандарамі са спалучэннем белага і чырвонага колераў у розных варыянтах. А таксама напомніць, што бел-чырвона-белы сцяг быў у нас дзяржаўным, менавіта пад ім даваў прысягу на Канстытуцыі першы і апошні прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Эйсмант тады быў яшчэ хлопчыкам і можа не памятаць.
Тут хацелася б яшчэ раз падзякаваць тэлеканалу Белсат, які вёў шматгадзінную трансляцыю ўрачыстасці, якую, калі хто не бачыў, можна паглядзець у інтэрнэце па гэтай спасылцы: https://belsat.eu/tag/kalinouski-2019/. Паглядзець, каб убачыць, як усё адбывалася насамрэч у Вільні.
У працяг віленскіх урачыстасцяў на нашай сумежнай прасторы праз тыдзень адбылася яшчэ адна знакавая падзея. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў час візіту на Падляшша, наведаў Мастаўляны і ўсклаў кветкі да помніка Каліноўскаму, заявіўшы, што гэта герой трох народаў. На маёй памяці такое прызнанне першае ў гісторыі сучаснай Польшчы. Прызнанне справядлівае і своечасовае. Спадзяюся, што зараз афіцыйныя польскія дэлегацыі і неафіцыйныя групы палякаў ужо не будуць старанна абмінаць у Свіслачы помнік Каліноўскаму, ускладаючы кветкі толькі да помніка Траўгута. Беларускія патрыёты ўжо 25 гадоў не робяць такога падзелу, ушаноўваючы ўсіх паўстанцаў. Кастусь Каліноўскі нарадзіўся на Падляшшы, Зыгмунт Серакоўскі – на Валыні, Рамуальд Траўгут – на Берасцейшчыне, Баляслаў Калышка – на тэрыторыі сучаснай Літвы. Усе яны выступілі за вольнасць свайго краю, якую маглі бачыць, канешне, па-рознаму. Але гістарычная праўда ў тым, што ўсе яны змагаліся супраць расейскай імперыі, а значыць за праўду, справядлівасць, незалежнасць зняволеных народаў. І гэтая праўда павінна быць вышэй усялякай прапаганды.
Уладзімір Хільмановіч