Лукашэнка: Беларусь камусьці стала „косткай у горле” (абноўлена)



Аляксандр Лукашэнка шукае падыход да Уладзіміра Пуціна і высылае сігналы. Чарговы раз у жорсткай форме кіраўнік дзяржавы выказваецца пра інтэграцыю. Ён падкрэслівае, што ніхто ў Беларусі не збіраецца здаваць незалежнасць і суверэнітэт краіны. Заява прагучала ў звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага і сёмага скліканняў.

– Запомніце, я не пацан, які адпрацаваў 3, 4, 5 гадоў прэзідэнтам. Мне хапіла. І я не хачу перакрэсліць усё, што зрабіў. Я разам з вамі, з народам стварыў незалежную дзяржаву, каб яе зараз пакласці ў нейкую скрыню з крыжом наверсе і некуды выкінуць ці перадаць? Гэтага пры мне не будзе ніколі. Мы ніколі не збіраліся і не збіраемся ўваходзіць у склад любой дзяржавы, нават братняй Расеі.  

Такі тон выдае занепакоенасць і раздражненне Аляксандра Лукашэнкі усёй гэтай сітуацыяй, – заўважыў у нашым эфіры палітычны эксперт Павел Усаў. Кіраўнік дзяржавы не адзін раз паўтарыў, што «наперадзе будзе цяжка». А таксама звяртаўся да Пуціна, кажа эксперт.

– Ён намагаецца падабраць ключы да Пуціна. Калі прасачыць яго выказванні, ён казаў пра тое, што на Пуціна ажыццяўляецца нейкі ціск антыбеларускіх сілаў, якія знаходзяцца ў атачэнні Пуціна. То бок, менавіта расейскія ястрабы, якія намагаюцца прымусіць Пуціна да шырэйшага ціску на Беларусь. І гэта сведчыць пра тое, што сітуацыя якраз такі вельмі крытычная. І ён намагаецца нейкім чынам маніпуляваць Пуціным.

«Беларусь стала косткай у горле», сказаў сёння Аляксандр Лукашэнка, намякаючы на антыбеларускія сілы ў Маскве. Але ўсе пытанні ў Крамлі вырашае менавіта Уладзімір Пуцін. Так падсумоўвае палітычны аналітык Павел Усаў, паводле якога ў Расеі і далей зацікаўленыя, каб трымаць беларускія палітычныя эліты на больш кароткім ланцугу.

Палітычная стабільнасць і зладжаная праца ўсіх галін улады – тое, чаго імкнецца дасягнуць Аляксандр Лукашэнка ў перыяд канфрантацыі з Расеяй. Менавіта гэтым тлумачыцца, чаму ў парламент не пусцілі ніводнага апазіцыянера, а кіраваць адміністрацыяй будзе «сілавік» – генерал-маёр Ігар Сергяенка. Каментуе Павел Усаў, які прыгадвае важныя палітычныя падзеі.

– Гэта і прэзідэнцкія выбары, гэта і інтэграцыйная вайна. Бо яна не скончыцца. Яна пяройдзе на новы ровень. Ён намагаецца пры дапамозе сілавікоў нейкім чынам вырашыць гэтую сітуацыю – ці збольшага пашырыць рэпрэсіі і такім чынам кансалідаваць сітуацыю ў Беларусі, ці ж сказаць Расеі, што сілавікі вакол яго абсалютна яму лаяльныя і будуць падтрымліваць тую сістэму.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта былога намесніка старшыні КДБ генерал-маёра Ігара Сергяенку. Былую кіраўніцу Адміністрацыі Наталлю Качанаву ён накіраваў у Савет Рэспублікі «па прэзідэнцкай квоце».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Беларусь камусьці стала „косткай у горле”, і нам трэба прайсці гэты складаны перыяд, заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 снежня ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі.

„Будзе вельмі нялёгка. І не таму, што мы няправільна выбралі мадэль, і не таму, што мы не на той мове „размаўляем”, і не таму, што ў нас Палата прадстаўнікоў не тая ці парламент у цэлым. А таму, што Беларусь стала, „як у народзе кажуць, косткай у горле” камусьці. Ужо вельмі камусьці „няймёцца”, таму што, бачыце, без рэсурсаў, без якіх-небудзь вялікіх матэрыяльных запасаў яны (беларусы. – Заўвага. БЕЛТА) як- то жывуць”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што краіне трэба разумна прайсці гэты складаны перыяд. „Тым больш вы бачыце: турбулентнасць у міжнародных адносінах. Вы бачыце, якая палітыка. Учора вы глядзелі кадры сесіі НАТА, бачылі” бязглуздзіцу” і выпады некаторых лідараў, уладных людзей. І з імі трэба будаваць адносіны, каб прайсці гэты найцяжэйшы перыяд” , – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, расстаўляючы акцэнты па тэме правядзення Беларуссю знешняй палітыкі, падкрэсліў, што адзіная ўмова ва ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі – гэта тое, што Беларусь з’яўляецца суверэннай і незалежнай дзяржавай. 

Ён адзначыў, што неабходна працаваць з тэхналагічна развітымі дзяржавамі. „Таму мы супрацоўнічаем з Еўропай, а не таму, што мы хочам павярнуцца пэўным пунктам або месцам да свайго брата – расіяніну. Яны ўсе туды лезуць. Як нядаўна сказаў Сяргей Лаўроў (міністр замежных спраў Расеі. – Заўвага. БЕЛТА), „мы і самі з Еўропай стараемся ўсталяваць сяброўскія адносіны”. Так што ад нас патрабаваць, што мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, усталёўваем гэтыя адносіны?” – заўважыў беларускі лідар.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь таксама не можа не мець добрых адносін з ЗША. „Калі яны хочуць. Таму што гэта імперыя”, – адзначыў ён.

„Мы не можам мець дрэнных адносін, нам пашанцавала ў гэтым плане, з новай імперыяй, якая адрадзілася, – КНР. Нас няма ў чым папракнуць, што мы дзесьці былі непаслядоўныя, што, як „блудны сабака”, хвастом вілялі. Мы заўсёды сумленна выконваем свае абавязкі, усе свае дамоўленасці „, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

„Калі мы будзем цярпліва, спакойна рухацца наперад, развіваючы сваю эканоміку, нам ніякія знешнія пагрозы не страшныя”, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

„Не трэба напружваць, што тут пасля Украіны мы, што Расея супраць нас пачне вайну, што Захад на нас будзе наступаць. Для таго і мы ёсць, каб на нас ніхто не наступаў. Усё гэта нікому не патрэбныя фэйкі”, – рэзюмаваў беларускі лідар .

belta.by