Марнае спадзяванне на Будапешцкі мемарандум



Прыкладна ў 1991 годзе ў наш школьны клас зайшла класная кіраўнічка Алена Уладзіміраўна. У руках любімая настаўніца вучняў 2 “А” сталічнай школы трымала плакат, візуальнае напаўненне якога я памятаю цьмяна. Але на ўсё жыццё запомніўся надпіс: “Беларусь – без’ядзерная зона”. Педагог патлумачыла дзецям, чым небяспечная ядзерная зброя і чаму патрэбна як мага хутчэй адмовіцца незалежнай дэмакратычнай краіне ад гэтай спадчыны мілітарысцкага монстра СССР. Хоць да канчатковага вываду ядзернай зброі з тэрыторыі адной з самых мілітарызаваных савецкіх рэспублік БССР заставалася яшчэ пару гадоў, але сярод грамадзянаў былі папулярныя лозунгі пра адмову ад зброі масавага паражэння.

Роўна 25 гадоў таму, 5 снежня 1994 года, ЗША, Вялікабрытанія і Расея падпісалі Будапешцкі мемарандум, змест якога можна ёміста сфармуляваць так: постсавецкія Беларусь, Украіна і Казахстан, нашпігаваныя ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі, перадаюць гэтую зброю на ўтылізацыю і захоўванне ў РФ. Узамен гэтыя тры звышдзяржавы абавязаліся забяспечыць недатыкальнасць межаў і неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы новаабвешчаных рэспублік. Гадамі эліты гэтых трох краінаў ляталі ў эмпірэях, спадзеючыся на тое, што лепшая абарона іх дзяржаўнасці – гэта міжнародныя пагадненні. Аднак пасля 2014 года, калі Расея далучыла да сябе ўкраінскую паўвыспу Крым, аказалася, што чаканні ад падпісанага дакумента былі яўна завышанымі. Пасля таго як украінскае МЗС выказала прэтэнзіі РФ па факце парушэння Будапешцкага мемарандуму, Расея адмовілася прызнаваць сваю правіну, спаслаўшыся на тое, што гэтае пагадненне не было ратыфікавана парламентам. І ўвогуле, калі ўважліва прачытаць тэкст дакумента, там асобным пунктам прапісана, што гарантыі неўмяшальніцтва не выконваюцца ў выпадку самаабароны. Гэтым пунктам, дарэчы, скарысталіся. Пасля анексіі Крыма многія высокія расейскія чыноўнікі патлумачылі, што рэакцыя РФ у 2014 годзе – гэта самаабарона, паколькі ў выніку “перавароту” ва Украіне да ўлады прыйшла хунта, якая пагражае Маскве. Падобная аргументацыя выглядае досыць дзіўна. Гэта ўсё адно як бы маньяк вінаваціў сваю ахвяру за тое, што яна яго справакавала кароткай спадніцай і сумачкай, у якой мог быць балончык са слезацёчным газам.

Сёння сцвярджаць тое, што тры постсавецкія дзяржавы добраахвотна адмовіліся ад ядзернага арсенала не выпадае. Праз чвэрць стагоддзя некаторыя ўдзельнікі працэсу падпісання Будапешцкага мемарандуму прама гавораць пра тое, што альтэрнатывы гэтым дзеянням не было. Першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук у нядаўнім інтэрв’ю астудзіў імпэт некаторых гарачых галоваў, якія заяўляюць, што Кіеву не варта было адмаўляцца ад ядзернай зброі. “Калі б ядзерная зброя засталася ва Украіне, то яна б нічога не змагла з ім зрабіць. Таму што гэтая зброя была вырабленая за мяжой, канкрэтна, у Расеі. Рана ці позна паўстала бы пытанне, як яго абслугоўваць, як яго замяніць… Украіна не магла вырабіць свае боегалоўкі… ЗША і Еўропа ціснулі на Украіну ў пытанні вываду ядзернай зброі, пагражаючы нават санкцыямі”, — гаворыць Леанід Краўчук у размове з журналістамі “Нацыянальнай Службай Навінаў” Украіны.  

Сітуацыя з так званым Будапешцкім мемарандумам даводзіць усім нам, што спадзяванне на іншыя краіны – не лепшы варыянт для абароны суверэнітэта. У сучасным свеце, як і ў ранейшыя часы, адзінай магчымасцю заставацца незалежнай дзяржавай з’яўляецца жаданне грамадзян жыць у сваёй краіне. Адпаведна, улады павінны рабіць усё, каб грамадзяне былі гаспадарамі на сваёй зямлі і адчувалі гонар за дзяржаву.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ