Завяршыў працу парламент шостага склікання
Завяршыў працу парламент шостага склікання. Ягоная кадэнцыя запомнілася праваабаронцу Леаніду Судаленку праўкамі ў “Закон аб масавых мерапрыемствах”.
А менавіта Палажэннем аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якое ўступіла ў сілу ў студзені 2019 года.
– Трэба плаціць за мірныя сходы. Так званыя “дэпутаты” не звяртаюць увагі на тыя абмежаванні, якія існуюць у гэтым законе. Мне, напрыклад, забаранілі правесці мірны сход у Гомелі, таму што я цягам года, які папярэднічаў маёй заяўцы, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці менавіта за парушэнне парадку правядзення. За “дармаедскія” акцыі мяне калісьці прыцягнулі. І калі я падаў зноў заяўку, то суддзя сказаў, што я прыцягваўся да адказнасці і мне нельга. Я адказваю: то кажыце, у якіх чаравіках мне прыйсці ў выканкам, каб мне дазволілі.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання за сваю кадэнцыю разглядзелі каля 450 законаў і законапраектаў, большая частка з якіх паступіла ад урада. Самі дэпутаты за тры гады ініцыявалі ўсяго шэсць законаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель