Мікалай Казлоў: За чвэрць веку чаго мы толькі не чулі



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы  перад сыходзячымі і новымі дэпутатамі, падкрэсліў, што незалежнасць будзе захаваная, і Беларусь не стане часткай ніякай іншай краіны, „нават братняй Расеі”.

Аднак шмат якія прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што гэта не больш, чым словы. „На мой погляд, Лукашэнка толькі тым і займаецца, што прадае Беларусь і яе суверэнітэт,” – кажа кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў:

– Складваецца ўражанне, што ён нейкімі прыгоннымі гандлюе. За ім цэлы народ, які не мае ўяўлення пра што ён там дамаўляецца. Гэта мне падаецца дзікунствам. А што тычыцца даверу да ягоных словаў, за чвэрць веку чаго мы толькі не чулі. Чаго ён толькі не абяцаў. Толькі адзін выпадак давайце ўзгадаем – гэта газавая труба. Ён казаў, што гэта нацыянальны здабытак. Гэта наша бяспека энергетычная. А пасля гэта раптам стала іржавай трубой, якую ён выгадна прадаў.

У гэтым уся гісторыя Аляксандра Лукашэнкі і ўвесь ён сам. Таму давяраць яму немагчыма і небяспечна. Ніхто ж дакладна не ведае, пра што гэтыя патаемныя перамовы з кіраўніцтвам Расеі. А закрытасць наводзіць на думкі, што гэта магчыма, гандаль краінай за спінамі народу,  – лічыць Мікалай Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск