Венскі баль і тэатр аднаго актора



Усё цячэ – усё змяняецца… Падчас – вельмі хутка!

Вось літаральна днямі многія прасунутыя аматары танцаў збіраліся на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім тэатры», пра падзею пісала дзяржаўная і недзяржаўная прэса, на адкрыцці балю павінен быў прагучаць паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай» у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра… Салідны ўзровень! Традыцыйна менавіта паланэзам дэбютантаў распачынаюцца аналагічныя імпрэзы ў Аўстрыі ды іншых краінах свету. Далей ідуць вальсы, полькі, мазуркі і іншыя мелодыі…

Раптоўна сітуацыя змянілася – хавайце сукенкі ды смокінгі, шаноўнае спадарства! “Звязда” зрабіла харошы культурніцкі матэрыял пра “Венскі баль” і размясціла яго ў нумары за 4 снежня, але, пакуль нумар вярстаўся, выявілася, што кіна не будзе… Дакладная фармулёўка гучыць проста і ясна: “Баль пройдзе ў іншы час і ў новым фармаце! Арганізатары прынялі запрашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь далучыцца да правядзення Венскага балю ў Палацы Незалежнасці 27 снежня”… Зусім іншы ўзровень! Ура? А чытач матэрыялу (забудзем пра тых, хто марыў і планаваў выйсці ў “свет”!) ужо расслабіўся, чуючы словы “вальс”, “па”, “ангажэмент”, “дэбютанты”, “рэверансы”, “этыкет”… Мабыць, ёсць прапановы, ад якіх нельга адмовіцца. Вы ўжо набылі білеты на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім»? Можаце вярнуць свае грошы ў касе Купалаўскага да 20 снежня 2019-га.

Важны нюанс. Кампанія А1 вырашыла дапамагчы грамадскаму аб’яднанню «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусі» і пералічыць на адрас установы фінансы, роўныя палове сумы, якую планавалася атрымаць ад продажу квіткоў на «Венскі баль у Купалаўскім». Дабрачыннасць – гэта здорава, але на справе бізнэс атрымаў дадатковую дабрачынную нагрузку, праўда ж?

У рэшце рэшт, увесь свет – тэатр… У пэўны час у пэўным месцы – гэта тэатр аднаго актора.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ