Рассельгаснагляд дазволіў увоз прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў



Рассельгаснагляд адмяніў забарону на ўвоз прадукцыі з чатырох прадпрыемстваў Беларусі, паведаміла прэс-служба расейскага ведамства.

Маладзечанскаму і Рагачоўскаму малочным камбінатам з 6 снежня дазволеныя пастаўкі сыру, агракамбінату „Сноў” — гатовай прадукцыі з мяса птушкі, Мінскаму мясакамбінату — ялавічыны.

„Рашэнне прынятае паводле вынікаў перамоў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктарам дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі Іванам Смільгінем, а таксама на падставе атрыманых матэрыялаў расследаванняў, прынятых мер для ліквідацыі выяўленых парушэнняў і гарантый беларускага боку”, — растлумачыла прэс-служба.

Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў, што накіроўваецца ў Расею, павінна быць выпрацаваная не раней за 6 снежня 2019 года і суправаджацца электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі.

Як паведамлялася, 4 снежня Рассельгаснагляд адмяніў абмежаванні на пастаўкі ў Расію малочнай прадукцыі налівам з 32 беларускіх прадпрыемстваў. Забарона на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі ў тары ёмістасцю больш за 2,5 літра была ўведзеная ў пачатку чэрвеня 2018 года.

belapan.by