У дакументах па інтэграцыі не згадваюцца наднацыянальныя органы



У дакументах, якія рыхтуюцца для падпісання Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну, не згадваюцца наднацыянальныя органы. Такую заяву ў Менску зрабіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас

Паводле яго слоў, у «дарожных картах», якія рыхтуюць урады Беларусі і Расеі, няма палітычных пытанняў – толькі эканамічныя. Пра адсутнасць у «дарожных мапах» палітыкі Румас казаў і раней.

На мінулым тыдні шмат шуму нарабіла выказванне беларускага пасла ў Расеі Уладзіміра Сямашкі на тэму інтэграцыі. Прэс-службе пасольства давялося заявіць, што словы Сямашкі пра планы стварэння агульных парламента і ўрада Беларусі і Расеі вырваныя з кантэксту.

Сёння, 6 снежня,  Сяргей Румас ляціць у Сочы, дзе ў яго запланаваная сустрэча з расейскім прэмʼерам Дзмітрыем Мядзведзевым. Яны будуць узгадняць згаданыя «дарожныя мапы». Па словах Румаса, засталося ўзгадніць яшчэ 16 пытанняў. Лукашэнка і Пуцін збіраюцца сустрэцца 7 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя