У Менску і за межамі Беларусі пройдуць акцыі за незалежнасць
Беларусы супраць інтэграцыі з Расеяй. Сустаршыня БХД Павал Севярынец заклікае выйсці заўтра 7 снежня а 12-00 на Плошчу Каліноўскага ў Менску (афіцыйная назва – Кастрычніцкая). На яшчэ адну акцыю, «жывы ланцуг», заклікала кампанія «Свежы вецер»: роўна ў 11.30 людзі стануць у жывы ланцуг уздоўж праспекта Незалежнасці ад дзяржаўнага цырка да плошчы Незалежнасці па баку галоўнага паштамта і цырка.
У гэты дзень, 7 снежня, плануецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы. Мяркуецца, што на сустрэчы яны будуць абмяркоўваць «паглыбленне інтэграцыі» напярэдадні 20-й гадавіны стварэння «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. Што за дакументы яны маюць падпісаць і што за «дарожныя мапы» інтэграцыі абмяркоўваюць урады краінаў, не раскрываецца.
Сёння ўвечары мае прайсці акцыя беларусаў у Брусэлі. На 7 і 8 снежня запланаваныя акцыі пратэсту беларусаў у іншых краінах:
7 снежня ў Кіеве, Украіна;
8 снежня ў Вільні, Літва;
8 снежня ў Празе, Чэхія;
8 снежня ў Нью-Ёрку, ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя