Названыя пераможцы прэміі „Народная марка”



У Менску 6 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы названы пераможцы прэміі спажывецкага прызнання „Народная марка”.

Прэмія ўручаецца ўжо сёмы раз. „У нас няма прафесійнага журы, усе пераможцы вызначаюцца шляхам народнага галасавання па ўсёй Беларусі”, — адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН прадзюсар прэміі Алена Усціновіч.

Яна патлумачыла, што галасаванне прайшло на працягу апошніх трох месяцаў, спажыўцы запаўнялі анкеты, у якіх не было падказак, што ўказваюць на тыя ці іншыя брэнды, а былі адкрытыя пытанні па перавагах у тых ці іншых катэгорыях тавараў і паслуг. Анкеты былі апублікаваныя ў друкаваных выданнях краіны, іх агульны тыраж склаў звыш 3 млн экзэмпляраў, а таксама анлайн на афіцыйным сайце прэміі. Агульная колькасць галасоў, атрыманых арганізатарамі за тыя ці іншыя брэнды, склала 442 тысячы 881.

„Я хачу адзначыць павышэнне брэндавай свядомасці беларусаў. Гэта стала відавочна за гэтыя гады, адказаў на пытанні ў адной анкеце становіцца больш. Акрамя гэтага, амаладзіўся партрэт тых, хто галасуе. Усё больш удзельнікаў апытання ва ўзросце 25—35 гадоў і ўсё больш маюць вышэйшую адукацыю”, — адзначыла Усціновіч.

Паводле яе слоў, прэмія дапамагае беларускім вытворцам арыентавацца ў перавагах спажыўцоў. „Большасць спажыўцоў аддаюць перавагу беларускім брэндам. Прыемна бачыць, што працэнт айчынных марак складае 97% у катэгорыі „прадукты харчавання”, 89% — у блоку нехарчовых тавараў, 91% — у намінацыях паслуг. Калі ідзе першая асацыяцыя прадукцыі з тым ці іншым брэндам, гэта вялікая перамога вытворцаў, таму што гэта выбар спажыўца, які ён робіць кожны дзень. Паводле дадзеных анкет мы складаем партрэт спажыўца, вызначаем перавагі па абласцях і рэгіёнах. І для службы маркетынгу прадпрыемстваў гэта добры інструмент, з’яўляецца разуменне, як змяняецца лаяльнасць спажыўца да таго ці іншага брэнду. Часам выбудаваная збытавая палітыка не можа даць таго эфекту, як веданне пераваг спажыўцоў, якiя выяўляюцца ў нашым конкурсе. Тут ідзе комплекс адказаў, як насельніцтва ўспрымае якасць, як яно ведае гэты брэнд, як яму давярае. Калі вытворца аналізуе вынікі, то ён можа пэўнымі маркетынгавымі інструментамі ўзмацняць свой брэнд. Пры гэтым павышаецца канкурэнтаздольнасць беларускіх марак ва ўмовах добрасумленнай канкурэнцыі. Для прадпрыемстваў — гэта знак даверу, любові, і гэтым можна ганарыцца”, — адзначыла Усціновіч.

У гэтым годзе ўпершыню вызначана тры Гран-пры. Іх уладальнікамі сталі: „Савушкін прадукт” (у намінацыі „Харчовыя тавары”), „Пінскдрэў” („Нехарчовыя тавары”) і „Еўраопт” („Паслугі”). „У анкеце ёсць графа „Гран-пры”, і гэты прыз таксама вызначаецца па працэнце аддадзеных галасоў”, — патлумачыла Усціновіч.

Узнагароды таксама атрымалі гандлёвыя маркі і вытворцы: „Дарыда”, „Беллакт”, Аршанскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, „Ганна”, „Хазяін-Барын”, „Анега”, „Віцьба”, „Ліптан”, „Камака”, „Лідская мука”, „Камунарка”, Тураўскі малочны камбінат, „Праны дом”, „Пастараль”, „Лідкон”, „Амбасадор”, „Мінск Крышталь”, „Юкі”, „Бархім”, „Світанак”, „Марк Формель”, „Нафтан”, „Керамін”, Relouis, „Беларусбанк”, „Беларуснафта”, Tez Tour, „Твая сталіца”, „Востраў чысціні і густу”, „Рускі лес”, „Аптымед”, „Добрыя лекi”, „Доктар Вет”, адукацыйны цэнтр „Лідар” і іншыя.

belapan.by