У Супрасль вярнуліся дзве ўнікальныя іконы



Дзве іконы XVII стагоддзя, якія некалі знаходзіліся ў Супрасльскай лаўры, вярнуліся ў Супрасль. Яны былі выпадкова знойдзены супрацоўнікамі Польскай акадэміі навук у вёсцы Тапілец у час палявой працы па пошуку і каталагізацыі помнікаў мастацтва.

Кажа прафесар Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук Збігнеў Міхальчык:

– Капліца, да якой мы паехалі, трохі праформа. Вядома, што кожны гістарычны аб’ект на дадзенай тэрыторыі мы павінны наведаць і праверыць, што там насамрэч ёсць. Мы пабачылі іконы XVII стагоддзя. Калі мы вярнуліся ў Варшаву і ўзяліся пісаць тэксты, аналізаваць крыніцы, то стала зразумела, што яны паходзяць з супрасльскага іканастасу.

Іконы Арханёла Міхаіла і прарока Аарона з’яўляюцца сапраўднымі пярлінамі музейнай калекцыі, сцвярджае супрацоўніца музею ікон у Супраслі Ева Залеўская:

– Вельмі няшмат аб’ектаў захавалася з гэтага манастыра, такога цудоўнага і вялікага месца – Супрасльскай лаўры. Сярод тых ікон, якія ў нас прадстаўлены ў залі, сённяшнія галоўныя іконы – гэта іконы, якія паходзяць з Супрасльскай царквы з іканастасу XVII стагоддзя, які некалі быў у святыні. Гэта быў выбітны твор мастацтва, як і іконы, якія захаваліся. У музеі гэта другія па значнасці аб’екты пасля супрасльскіх фрэсак, хоць і паходзяць з іншага перыяду. Яны з’яўляюцца дапаўненнем гісторыі Супрасльскага манастыра.

Купля музеем дзвюх ікон з Супрасльскага манастыра стала магчымая дзякуючы фінансаванню Міністра Культуры і Нацыянальнай Спадчыны і Маршалка Падляшскага ваяводства.

Беларускае Радыё Рацыя