Да дня нараджэння „палескай разумніцы”



Так называлі сябры, калегі ўраджэнку Піншчыны Любоў Тарасюк. 7 снежня 1953 года ў вёсцы Пінкавічы нарадзілася літаратуразнаўца, паэтэса, педагог, грамадска-культурны дзеяч…

Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (1953-2006) амаль трыццаць гадоў выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дзе атрымала званне дацэнта. Працяглы час узначальвала суполку філалагічнага факультэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, праўленне Саюза пісьменнікаў і рэдакцыйную калегію літаратурнага часопісу “Маладосць”.

У навуковае жыццё Тарасюк вывеў Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч, якія заўважылі яе здольнасці ў БДУ. Стварыла звыш двухста навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў. Даследавала класічную і сучасную паэзію. Аўтар манаграфій “Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі” ды “Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ ст.”. Пры жыцці выдала два паэтычных зборніка “Смага ракі” ды “Апалогія красы”.

“Яна сумленна і самааддана служыла беларушчыне, якую свядома выбрала і якой ніколі не здрадзіла. Яна стварыла сваю Беларусь і жыла ў сваёй Беларусі. Адбылося гэта напрыканцы 70-х, а ў беларусізацыю канца 80-х − пачатку 90-х Люба Тарасюк ішла, асвятляючы паходняй сваіх назапашаных ведаў шлях іншым. У тагачасных беларускіх літаратурна-мастацкіх выданнях даволі часта з’яўляліся публіцыстычныя і навукова-публіцыстычныя артыкулы чалавека-патрыёта. Яна доўга чакала перамен, радавалася гэтым пераменам, спадзявалася на незваротнасць гэтых перамен. Яе можна было бачыць на шмат якіх імпрэзах і мітынгах; яна верыла, што нараджаецца Новая Беларусь, і лічыла сваім доўгам удзельнічаць у гэтым працэсе, бо ведала, што “працы шмат, а працаўнікоў мала”. А таму адкладала пяро (дакладней, сваю ўлюбёную друкавальную машынку, якую эксплуатавала, даруйце, бязлітасна, з-за чаго часта даводзілася чыніць яе) ды ішла да грамады, каб засведчыць перад Богам і самой сабою праўдзівае разуменне абавязку нацыянальна свядомага чалавека. Яна мела дар адчуваць Паэзію, якая была для яе сапраўднай. Прыгажосцю, Красою. Максім Багдановіч і Янка Купала, Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш… Мастацкі свет іх твораў дасканала пазнала і разумела Люба Тарасюк ды імкнулася наблізіць яго да сваіх студэнтаў, якіх любіла, якім цалкам аддавала ўсю сябе,” – словы ўдзячнасці ад доктара філалагічных навук Людмілы Сіньковай.

З нагоды 66-х угодкаў Беларускае Радыё Рацыя наведала Пінкавічы, дзе нарадзілася і заўчасна памерла Любоў Тарасюк. У мясцовай сельскай бібліятэцы захоўваюцца некаторыя рэчы знанай ураджэнкі, а таксама фотаальбом. Пагартаем яго разам.

Дарэчы яшчэ ў 2013 годзе жыхары Пінкавіч звярталіся да раённых уладаў з просьбаю надаць бібліятэцы імя Любові Тарасюк. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і прадстаўнікі грамадскасці, між іншага асабіста прафесар Адам Мальдзіс, драматург Сяргей Кавалёў, паэт Анатоль Шушко ды аб’яднанне “Садружнасць Палесся”. Нібы і былі зрухі, але дагэтуль справа не завершаная.

Пінкавічы. Хата на вуліцы Якуба Коласа, дзе прайшло дзяцінства і апошнія дні жыцця даследчыцы.

У снежні 2010 года з’явілася мемарыяльная шыльда. Яе за ўласныя сродкі зрабіў бацька Канстанцін Міхайлавіч.

Пінкавічы. Свята-Пакроўская царква ў якой хрысцілі паэтэсу.

Маленькая Люба. Сям’я Тарасюк.

Разам з родным братам, які заўчасна памёр літаральна за некалькі месяцаў перад сястрой.

Пінкавіцкую сярэднюю школу Любоў Тарасюк скончыла выдатна – залаты медаль.

Дзённік, сакавік 1963 год. Суцэльныя пяцёркі. Вялікі ўнёсак у фармаванне светапогляду зрабіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры, заснавальнік Народнага літаратурна-краязнаўчага музею Якуба Коласа ў Пінкавічах Іван Іосіфавіч Калоша.

Школьная літаратурная газета, якую рэдактавала вучаніца Люба.

Вучні Пінкавіцкай школы ў Вязынцы, 1970 год. Тарасюк другая злева.

Альбуць. 1970 год. Радзіма Якуба Коласа. У цэнтры – Люба Тарасюк

Вучні Пінкавіцкай школы з пісьменнікамі, 1970 год. У цэнтры – Іван Шамякін, ІІ рад злева: Люба Тарасюк, Пімен Панчанка, Іван Навуменка, Мікола Гамолка

Студэнцтва. У БДУ, яе заўважыў Ніл Сымонавіч Гілевіч. Разам з Васілём Быкавым накіроўвалі здольную студэнтку на канферэнцыі, семінары па літаратурнай тэматыцы. Курыравалі першыя даследаванні, навуковыя працы. Менавіта Ніл Гілевіч пераканаў сваю студэнтку застацца працаваць у галоўным універсітэце краіны.

Студэнцва. Разам з сябрамі на адпачынку, пачатак 1970-х гадоў.

Студэнты з Беларусі ў Маскве на навуковай сустрэчы. Любоў Тарасюк другая справа, ІІ рад.

Некаторыя з выкладчыкаў Любы ў БДУ. Легендарныя Ніл Сымонавіч Гілевіч, Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, Навум Ісаакавіч Лапідус. Універсітэт Тарасюк скончыла з чырвоным дыпломам у 1975 годзе.

У атачэнні калег. З 1978 па 2005 год Любоў Канстанцінаўна працавала ў БДУ. Як педагог выхавала дзясяткі асоб, якія аздабляюць Беларушчыну, як, напрыклад, паэт Міхась Скобла ці драматург Сяргей Кавалёў.

Любоў Тарасюк сядзіць першая справа. У 27 год яна атрымала навуковую ступень кандыдата філалагічных навук, а ў 33-гадовым узросце стала дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Любоў Тарасюк уваходзіла ў праўленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пасведчанне “Ганаровага сябра” асацыяцыі беларусістаў за подпісам Адама Мальдзіса. У 1991-2005 гадах узначальвала суполку філалагічнага факультэта БДУ Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Шматлікія ўзнагароды за навуковую дзейнасць, якія захоўваюцца ў Пінкавіцкай бібліятэцы.

Тарасюк стварыла звыш двухста навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў.

У 1983 годзе свет пабачыў паэтычны зборнік “Смага ракі”, а ў 2003 годзе “Апалогія красы”. Падборка вершаў Тарасюк часта з’яўлялася ў часопісе “Маладосць” і тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, а ў 1997 годзе, каля дваццаці яе твораў уключылі ў кнігу “Галасы вёсен”.

Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (7 снежня 1953 – 16 чэрвеня 2006 года). Памерла літаратуразнаўца, паэтэса ў роднай хаце ад працяглай хваробы на 53 годзе жыцця. Яе пахавалі на могілках у Пінкавічах.

Верш Любові Тарасюк – „Імя Айчыны” чытае Зінаіда Бандарэнка

Беларускае Радыё Рацыя