Падляшскі музей адзначае 70-годдзе
Дні 70-годдзя Падляшскага музею ў Беластоку пачаліся ў Супрасльскім музеі ікон. Гасцямі мерапрыемства былі навукоўцы з Варшавы.
Даследчыкі Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук прыехалі са справаздачай пра палявую працу па каталагізацыі помнікаў мастацтва на Падляшшы. Кажа прафесар Збігнеў Міхальчык:
– Мы апрацавалі Беластоцкі павет, які з’яўляецца найбольшым паветам у Польшчы, вельмі разнародным. Каталіцкае і праваслаўнае мастацтва адыгрываюць важную ролю. Апошні том, які мы выдалі на гэтай тэрыторыі – гэта Бельскі павет. Ён з’яўляецца найбольш праваслаўным паветам на гэтай тэрыторыі – 40% Бельскага павету праваслаўныя. Мы часта маем дачыненне з царкоўным мастацтвам і знаходзім цудоўныя аб’екты 17-18 ст.
Праца па даследаванні Падляшша працягваецца. Назапашаныя на сённяшні дзень матэрыялы даступныя пакуль выключна ў папяровым варыянце. Але ў бліжэйшы час плануецца запуск электроннай базы помнікаў мастацтва, кажа Збігнеў Міхальчык:
– Акрамя папяровай версіі плануецца база дадзеных. Дзякуючы гэтаму нашы каталогі будуць больш дасяжныя не толькі на тэрыторыі Польшчы, але і ў Беларусі, Літве, для нас вельмі важна. Мы імкнемся да пэўнага аб’яднання спадчыны, якая была штучна падзелена мяжой.
Мерапрыемствы працягнуцца навуковымі чытаннямі і выставай прац Барыса Федаровіча.
Беларускае Радыё Рацыя