Каля 150 праціўнікаў будаўніцтва ТАА „АйПауэр” сабраліся ў цэнтры Берасця
У Берасці на плошчы Леніна 8 снежня прыкладна апоўдні чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут штонядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было не менш за 150 чалавек. Міліцыя ў мегафон папярэджвала прысутных пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі, як ідзе збор сродкаў для правядзення прафесійнымі спецыялістамі грамадскай экалагічнай экспертызы праекта акумулятарнага завода. Збор сродкаў арганізаваны на платформе MolaMola. Усяго неабходна сабраць 9 тыс. рублёў, каб аплаціць працу спецыялістаў.
Як паведаміў Дзмітрый Бекалюк, на сёння сабрана прыкладна 3,7 тыс. рублёў. Ён нагадаў, што грамадска-экалагічная экспертыза ініцыяваная на самым высокім узроўні. Да прыкладу, пра яе казаў Аляксандр Лукашэнка, які прыязджаў у Берасце у верасні. Таксама пра гэтую экспертызу раней казалі кіраўнік Мінпрыроды Андрэй Худык і прадстаўнікі аблвыканкама. „Грамадская экалагічная экспертыза будзе праводзіцца спецыялістамі ў гэтай сферы, і да іх меркавання павінны прыслухацца”, — лічыць Бекалюк. Дакументы па грамадскай экалагічнай экспертызе будуць накіраваныя ў Мінпрыроды.
Бекалюк адзначыў, што „экспертыза будзе праведзеная, таму што завод не збіраецца здавацца”. „Гэта мне пацвердзіў у тэлефоннай размове начальнік Брэсцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Брыш. Зараз завод шукае распрацоўніка новага праекта і новай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе”, — паведаміў Бекалюк.
Таксама актывіст адзначыў, што новы праект ТАА „АйПауэр” пачало распрацоўваць пад націскам грамадскасці. „Мы будзем дамагацца, каб, калі будуць праводзіцца грамадскія абмеркавання праекта, пра гэта даведалася як мага больш людзей — і не толькі брастаўчанаў, паколькі гэта завод рэспубліканскага значэння”, — заявіў Бекалюк.
Удзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы паведамілі таксама, што завод у цяперашні час не працуе, з адміністрацыйных памяшканняў нават пачалі вывозіць офісную мэблю. Але дзяжурствы каля завода працягваюцца. Яны таксама заявілі, што будуць прыходзіць на плошчу да таго часу, пакуль завод не будзе закрыты канчаткова.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”.
Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.
Каля прадпрыемства з 3 мая кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю завода, які выкідваў у паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Аб парушэннях яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.
belapan.by