Каля 300 чалавек пратэставалі пад амбасадай РФ у Варшаве (абноўлена)



Каля 300 чалавек пратэставалі пад амбасадай Расеі ў Варшаве. Маніфестанты скандавалі „Жыве Беларусь!” і падкрэслівалі, што яны рашуча выступаюць супраць таемных перамоваў Пуціна і Лукашэнкі наконт паглыбленай інтэграцыі.

Гэта была найбольш масавая акцыя супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі ў дыяспары. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка нічога не падпісаў у Сочы, пагроза для незалежнасці Беларусі застаецца, мяркуе суарганізатар акцыі, старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– 20-я гадавіна ганебнай дамовы паміж Беларуссю і Расеяй, якую ў Беларусі сапраўды ніхто не хоча. Гэтыя 20-ць гадоў паказалі, што Беларусь павінна заставацца незалежнай, што беларускія грамадзяне, беларускі народ хоча жыць у сваёй уласнай, незалежнай дзяржаве. 

Францішак Цярэшка:

– Я прыехаў на гэтую акцыю са Шчэціна. Варта было прыехаць, бо мы абараняем уласную дзяржаву, якая знаходзіцца пад пагрозай. Мы абараняем сваю годнасць і гонар. Калі мы не можам зрабіць лішні крок у абарону сваёй уласнасці, якую ў нас забіраюць, якія ж мы пасля гэтага людзі? Якія ж мы беларусы? Якія ж мы патрыёты? Я лічу, што гэта тычацца не толькі абстрактнага паняцця незалежнасці ці дзяржаўнасці, а тычацца кожнай беларускай сям’і, кожнага чалавека, які хоча шчасця для сваіх дзяцей, шчасця для сваіх бацькоў. Трэба скінуць уласнае ярмо. Перадусім акцыя не пра палітыку, акцыя пра людзей. Калі мы маем жыць годна, а не хавацца па іншых краінах, мы павінны бараніць сваю незалежнасць дзе б мы не былі. Пагроза застаецца заўжды і яна будзе пакуль мы будзем мець такога суседа, такую імперыю побач з намі. Трэба выказваць пратэст, трэба паказваць, што мы – беларусы не хочам ніякага аб’яднання. Трэба казаць, што мы павінны жыць у сваёй уласнай дзяржаве, і што толькі ў сваёй дзяржаве мы дасягнем тых мэтаў, якія мы ставім перад сабой, як народ.

Палітэмігрант з Татарстана Нафіс Кашапаў:

– У свой час Расея нас каланізавала, таму Беларусь трэба падтрымаць. Трэба разваліць Расею палітычным шляхам. Развал Расеі – гэта свабода ўсіх народаў, і беларусаў, і крымскіх татараў, і нашым народам Ідэль-Урала. 

Журналіст-блогер Сцяпан Святлоў:

– Я, як беларус, які пакуль не мае магчымасці жыць на сваёй радзіме, выражаю такім чынам пратэст супраць таго, што зараз адбываюцца так званыя інтэграцыйныя працэсы, я лічу, што гэта толькі нашкодзіць нашай краіне. Я хачу паказаць, што я, як і большасць беларусаў, выступаю супраць гэтага. Пагроза застаецца, бо імперскія амбіцыі Расеі ніхто не адмяняў, мы заўжды мусім быць на варце, заўжды змагацца за сваю краіну, за якую змагаліся нашы продкі. Вось так, каб згубіць яе за бочку нафты і газу, мы не павінны гэтага дазволіць.

Апроч беларусаў у пікеце прынялі ўдзел палякі, украінцы і нават грамадзяне Расеі. Акцыя адзначылася арыгінальнымі самаробнымі плакатамі. Як напрыклад „Расея – гэта вайна і галеча” або „Россия – отъявись”. Група маладзёнаў выкаціла пад расейскую амбасаду ў Варшаве гарбуза.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя