“Справядлівы свет” пачынае рыхтавацца да выбараў



Падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў і да абрання новага кіраўніцтва на ўзроўні вобласці пачынаюць берасцейскія сябры партыі левых “Справядлівы свет”. Адна з мэтаў на бліжэйшыя некалькі месяцаў – пашырэнне кола людей, што гатовыя прымаць удзел як у палітычных, так і грамадскіх справах краіны: быць валанцёрамі па зборы подпісаў, распаўсюджванні літаратуры, агітацыі за кандыдатаў, назіранні за выбарамі ды гэтак далей.

Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Леанід Майструк перакананы, што важна, каб як мага больш людзей прыняло ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах:

– Запрашаем не толькі прадстаўнікоў палітычных партый, але і простых выбаршчыкаў, грамадзян горада Берасця і гэтага рэгіёна. Таксама мы заахвочваем людзей, якія ў свой час былі дэпалітызаваныя, а сёння, назіраючы за складанай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй ў Беларусі, спрабуюць далучыцца да гэтай сур’ёзнай выбарчай кампаніі.

Як адзначыў Леанід Майструк, пакуль невядома, у час прэзідэнцкай кампаніі будзе адзіны кандыдат або некалькі ад прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Але важна мець каманду падрыхтаваных людей, гатовых абараніць беларускую незалежнасць і дэмакратычныя каштоўнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота eurobelarus.info