16-гадовая беларуска выйграла золата ЧЕ па плаванні



Анастасія Шкурдай выйграла фінальны заплыў на 100 метраў батэрфляем на чэмпіянаце Еўропы па плаванні на „кароткай вадзе” у Глазга. Пры гэтым 16-гадовая берасцейка ўстанавіла юніёрскі рэкорд Еўропы – 56,21 секунды. Беларуская мужчынская каманда заняла трэцяе месца ў камбінаванай эстафеце 4х50 м. Беларуская каманда ў складзе Віктара Стасяловіча, Іллі Шымановіча, Яўгена Цуркіна і Арцёма Мачэкіна паказала трэці час у фінальным заплыве – 1 хвіліна 32,29 секунды. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару падняліся расейскія спартоўцы. Раней беларус Ілля Шымановіч заваяваў срэбраны медаль на дыстанцыі 100 м брасам.

Беларускія біятланісткі занялі 11-е месца ў эстафеце на этапе Кубке свету ў Эстэрсундзе

Беларускі квартэт у складзе Дзінары Алімбекавай, Алены Кручынкінай, Ганны Солы і Ірыны Крыўко заняў 11-е месца ў эстафеце на этапе Кубка свету, які завяршыўся ў шведскім Эстэрсундзе. Беларускі завяршылі гонку з адным штрафным кругам і выдаткаваўшы сем дадатковых патронаў. Адставанне ад першага месца склала 3 хвіліны і 41,5 секунды. Перамогу святкавалі нарвежкі. Другое месца досыць нечакана занялі швейцаркі. Бронзу заваяваў шведскі эстафетны квартэт. Наступны этап Кубка свету пройдзе ў аўстрыйскім Хохфільцэне з 12 па 15 снежня.

Менскае «Дынама» пацярпела шостую паразу запар

Менскае «Дынама» прайграла на хатняй арэне маскоўскаму ЦСКА. ЦСКА выйшаў на лёд без сямі асноўных гульцоў, але ўжо на пятай хвіліне адкрыў лік. У большасці вызначыўся Максім Мамчын. Пасля гэтага госці пачалі неапраўдана шмат фаліць, чым двойчы скарысталіся «зубры». Дакладныя кідкі Пулкінена і Парэ ў большасці вывелі менчукоў наперад. Зрэшты, яшчэ да перапынку Канстанцін Акулаў зраўняў лік. Вырашальнымі ж сталі стартавыя хвіліны другога перыяду. Спачатку Мамчын аформіў дубль, а затым прыгожай шайбай адзначыўся Шалуноў. Пасля гэтага Вудкрафт замест Энрата выпусціў Карнаухава. Міхаіл добра ўвайшоў у гульню, але і ён не выратаваў пасля кідка Кемпа — 2:5. Гэтая параза стала для «Дынама» шостай запар і 19-й у 22 апошніх матчах.

Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі казанскаму „Дынама” ў матчы 8-га тура расійскай суперлігі Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі казанскаму „Дынама” ў матчы 8-га тура расійскай суперлігі з лікам 1:3. Самым выніковым гульцом у складзе „Менчанкі” стала Вольга Багданава, якая набрала 19 ачкоў. Пасля восьмага тура „Менчанка” займае ў турнірнай табліцы суперлігі 11-е месца з дзвюма перамогамі ў актыве. Наступны матч беларуская каманда правядзе 13 снежня на хатняй пляцоўцы „Уручча” супраць „Уралачкі-НТМК” пад кіраўніцтвам легендарнага ўраджэнца Берасцейшчыны Мікалая Карполя.

Берасцейскі „Рух” прабіўся ў вышэйшую лігу

Вызначыўся апошні ўдзельнік вышэйшай лігі сезона-2020. Ім стаў берасцейскі „Рух”, які па выніках дзвюх сустрэч перайграў магілёўскі клуб „Дняпро”. На стадыёне „Спартак” супернікам для выяўлення пераможцы супрацьстаяння спатрэбілася серыя пенальці, бо паўторны матч, як і першы завяршыўся з лікам – 2:1.

Юрый Калітвінцаў блізкі да прызначэння ў берасцейскае „Дынама”

Украінскі спецыяліст Юрый Калітвінцаў можа вярнуцца да трэнерскай працы. Экс-настаўнік нацыянальнай зборнай Украіны ў бліжэйшы час павінен прыняць берасцейскае „Дынама”. „Бела-сінія” ў гэтым сезоне сталі чэмпіёнамі Беларусі і перарвалі гегемонію БАТЭ, якая доўжылася практычна паўтара дзясятка гадоў. Склад каманды з Берасця абаранялі трое ўкраінцаў: Аляксандр Наёк, Арцём Мілеўскі і Аляксей Хабленка. Да чэмпіёнства „Дынама” прывёў Марцэл Лічка, які быў не супраць застацца ў Беларусі, аднак, па чутках, клуб апынуўся не гатовы працягваць супрацоўніцтва з чэшскім трэнерам. Апошнім месцам працы 51-гадовага Юрыя Калітвінцава было маскоўскае „Дынама” яшчэ ў 2017 годзе. Да гэтага ён таксама працаваў з ніжагародскай „Волгай”, нацыянальнай зборнай Украіны, украінскай зборнай U-19 (з якой выйграў EURO-2009) і „Закарпацце”. Цікава, што год таму ў Берасці ўжо разглядалі кандыдатуру Калітвінцава, аднак тады ён адмовіўся.

Ягор Грынько заваяваў срэбраны медаль юнацкага Чэмпіяната Еўропы па цяжкай атлетыцы

Беларускі спартовец Ягор Грынько ў вагавай катэгорыі 61 кг на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод спартоўцаў да 15 гадоў, які праходзіць у ізраільскім Эйлаце, заваяваў срэбраны медаль.

У суме двубор’я беларус паказаў вынік 235 кг (103 кг у рыўку і 132 у штуршку. У вагавай катэгорыі 61 кг таксама выступаў Давід Еўдакімовіч, які заняў чацвёртае месца.

Беларускае Радыё Рацыя