Менск разлічвае знізіць цану на газ у 2020 годзе
Менск разлічвае знізіць цану на расейскі газ у 2020 годзе, заявіў пасол Беларусі ў Маскве Уладзімір Сямашка па выніках праведзеных 7 снежня ў Сочы перамоў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым Сямашка прызнаў, што бакі па-рознаму глядзяць на цэнаўтварэнне.
„Ну, што тычыцца газу, значыць, мы абмяняліся пазіцыямі. Яны шмат у чым або часцяком не супадалі. У рэшце рэшт, мы ставім пытанне аб тым, што будзе, як пражыць нам, якая цана газу будзе на 2020 год. Сёння цана газу 127 долараў за тысячу кубаметраў. Я перакананы, што на наступным тыдні мы гэтае пытанне паспрабуем вырашыць разам з Аляксеем Барысавічам Мілерам (старшыня праўлення „Газпрома”.) і адпаведна Міністэрствам энергетыкі, а магчыма, з удзелам і Казака Дзмітрыя Мікалаевіча (віцэ-прэм’ер урада РФ.), для таго каб гэтае пытанне няпростае таксама вырашыць, каб выразна разумелі, якая цана газу будзе”, — заявіў Сямашка, інтэрв’ю якога выйшла 8 снежня ў эфіры праграмы „Контуры” тэлеканала ОНТ (выказванні прыведзеныя без рэдактарскіх правак).
„У нашым уяўленні, што мы павінны рухацца па траекторыі, якая зніжаецца, — сказаў пасол. — У рэшце рэшт, у гэтым i заключаецца сутнасць усіх гэтых перамоваў сённяшніх. Мы павінны стварыць матэрыяльную базу будучай саюзнай, значыць, дзяржавы”.
„Але якая гэта база, калі ўзяць газ, напрыклад. У нас на мяжы газ амаль у два разы даражэйшы, чым, напрыклад, у Смаленскай вобласці. Ну а для таго, каб гэтая была перакананасць, што гэта будзе так з 1 студзеня 2021 года (зніжэнне цаны.), мы ставім пытанне аб тым, што давайце ўжо рухацца і ў 2020 годзе. Няхай хаця б палову шляху гэтага пройдзем”, — заявіў Сямашка.
Паводле яго слоў, перамовы ў Сочы прайшлі „дастаткова строга, так, прадметна, але разам з тым у такім духу канструктыўным, добразычлівым, так”.
Цяперашні кантракт з „Газпромам” на пастаўку ў Беларусь прыроднага газу заканчваецца 31 снежня 2019 года. Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выказаў здагадку, што перамовы з Расеяй па цане на газ на наступны год стануць „яшчэ адной баталіяй, аналагічнай падатковаму манеўру”.