Алег Лойка пра Максіма Багдановіча і яго творчасць



Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, пісьменнік Алег Лойка (1931-2008) вельмі любіў творчасць класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, дзень нараджэння якога мы штогод адзначаем 9 снежня. Даследаванне творчасці нашага песняра было ў цэнтры ўвагі Алега Лойкі яшчэ з 1960-х гадоў. У 1968 годзе ён уклаў кнігу вершаў Максіма Багдановіча “Маладзік”.

Пра Максіма Багдановіча Алег Лойка напісаў дзясяткі артыкулаў, прысвеціў яму шмат сваіх паэтычных радкоў. У 1966 годзе Алег Лойка напісаў і выдаў кнігу “Максім Багдановіч”. А ў кнізе “Беларуская паэзія пачатку ХХ стагоддзя” навуковец змясціў вялікі артыкул пра зборнік вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча. Раздзел, прысвечаны творчасці Максіма Багдановіча, надрукаваў Алег Лойка і ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры”.

Вось 10 выказванняў Алега Лойкі пра Максіма Багдановіча і яго творчасць.

  1. Народалюбства і патрыятызм былі толькі адной з граней духоўнай шматлучнасці Багдановіча-паэта. Усё багацце гэта шматлучнасці поўна і шырока раскрылася ў паэтавых пошуках “красы, і светласці, і прастору”.
  2. Зборнік “Вянок” Максіма Багдановіча стаў раскрыццём чалавека вялікай гарманічнасці, глыбіні і абаяльнасці.
  3. Ідэал чалавека, паэтычна выражаны Багдановічам у “Вянку”, — вельмі блізкі нам ідэал. Сам паэт шырынёй сваіх пошукаў, самаадданым служэннем ідэі свайго жыцця – узвелічэнню народа праз узвелічэнне яго літаратуры – стаў нам адным з узораў Чалавека з вялікай літары, узорам таго, як паэт – сын народа павінен яму служыць сваім талентам.
  4. Максім Багдановіч – тып асобнага інтэлігента, у аснове светаразумення якога была найперш надзея на свой народ, на родную літаратуру, на светлае будучае.
  5. Жыццё для Максіма Багдановіча заўсёды было першаснай з’явай, мастацтва – другаснай. Прыгожае – у жыцці, прыгожае – жыццё. Таму і сказаў Багдановіч, што “пекна спяваюць і жабы”.
  6. Да апошняга свайго дыхання Максім Багдановіч быў з народам, жыў яго крыўдамі і спадзяваннямі, горам і верай, болем і ўпэўненасцю.
  7. Максім Багдановіч узбагаціў беларускую культуру і літаратуру творамі нясгаснага хараства, узняў беларускую паэзію на нябачную да таго вышыню.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя