5 галоўных наступстваў пакарання Расеі ў спорце
9 снежня сябры выканкаму Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (World Anti-Doping Agency — WADA) прынялі рэкамендацыі Камітэта па адпаведнасці. Яны прынятыя цалком, як і чакалася, паколькі яшчэ аніводнага разу выканкам не ішоў супраць рашэнняў, якія рэкамендаваліся профільным камітэтам.
Вось якія санкцыі будуць прыменены да Расеі ў спорце цягам бліжэйшых 4-х гадоў:
1. Забарона на арганізацыю буйнейшых сусветных спаборніцтваў;
2. Удзел расейскіх спартоўцаў на Алімпіядзе і чэмпіянатах свету будзе толькі пад нейтральным сцягам. Гэта азначае поўную забарону расейскай атрыбутыкі, сцягу і гімну;
3. Расейскае антыдопінгавае агенцтва пазбаўлена статусу адпаведнасці;
4. Расейскім чыноўнікам забароняць працаваць у камітэтах міжнародных спартовых федэрацый, якія падпісалі кодэкс WADA. Забаронена будзе таксама наведванне кіраўнікамі Алімпійскага камітэту Расеі і Паралімпійскага камітэту Расеі спартовых мерапрыемстваў;
5. Расея абавязана аплаціць выдаткі на расследаванне, а таксама штраф памерам 10% ад даходу за 2019 год альбо 100 тысяч даляраў.
Прычыны спартовых санкцый у дачыненні Расеі:
Адным з крытэраў аднаўлення РУСАДА пасля гісторыі з сочынскай Алімпіядай была перадача даных допінг-пробаў за 2012-2015 гады. Яе вывучэнне выявіла масавыя змены альбо выдаленні некаторых даных з файлу – выніковая табліца значна адрознівалася ад той, якую WADA раней перадаў Грыгорый Родчанкаў (Родчанкаў – дырэктар „Антыдопінгавага цэнтру” Расеі ў 2006-2015 гадах. У студзені 2016 года ён уцёк з Расеі ў ЗША і расказаў пра існаванне ў Расеі дзяржаўнай (!) допінг-праграмы. Інфармацыя Родчанкава лягла ў аснову так званага даклада Макларэна, на падставе якога да Расеі ў спорце ўжо былі ўжытыя санкцыі).
У WADA прыйшлі да высновы, што змены ў базу даных допінг-пробаў зрабіў сістэмны адміністратар Яўгеній Мачалаў, муж дырэктаркі лабараторыі Алены Мачалавай. „Больш 1250 рэзервовых файлаў за 2014 і 2015 гады маюць пазнаку выдалення ад 29 чэрвеня 2016 года, больш 450 файлаў за 2016 год выдалены 17 снежня 2018 года. Апошнія змены рабіліся 16 студзеня 2019 года – за дзень да перадачы даных”, – гаворыцца ў справаздачы камісіі.
Выявілі махінацыі Мачалава найперш па няправільнай падробцы фармату даты (рэч у тым, што еўрапейскі і амерыканскі фарматы адрозніваюцца!): 01/08/2019 замест 8.01.2019. У выніку падробкі атрымалася, што новая дата была датаваная не студзенем, а жніўнем! Камісія таксама не выявіла файлаў штодзённага рэзервовага капіявання, як гэта прынята рабіць.
У выканкам WADA, які прымаў рашэнне, уваходзяць 12 чалавек. Рашэнне па Расеі было прынятае аднагалосна.
Такім чынам Расею пазбавяць наступных, ужо зацверджаных раней, спаборніцтваў:
– чэмпіянат свету па пляжным футболе-2021 (Масква);
– чэмпіянат свету па валейболе-2022 (10 гарадоў);
– чэмпіянат свету па хакеі-2023 (Санкт-Пецярбург);
– моладзевы чэмпіянат свету па хакеі-2023 (Навасібірск);
– Універсіяда-2023 (Екацерынбург) – гэтае права застаецца пад пытаннем;
– чэмпіянат свету па водных відах спорту-2025 (Казань).
Хутчэй усяго, доступ на тыя спаборніцтвы, куды Расея будзе ездзіць пад нейтральным сцягам, пройдзе па схеме Пхёнчхана-2018. Тады допускам атлетаў займалася адмысловая камісія, якая высунула ажно 17 крытэраў. Асноўным прынцыпам тады было – незгадванне ў дакладзе Макларэна, а таксама адсутнасць „допінгавай гісторыі” у канкрэтнага спартоўца.
Па чэмпіянатах свету, хутчэй усяго, рашэнне будуць прымаць аналагічныя камісіі пры міжнародных федэрацыях.
Трэба дадаць, што санкцыi WADA не датычаць футбольнага еўрачэмпіянату, на якім у 2020 годзе выступіць Расея, якая будзе праводзіць некалькі матчаў групавога турніру ў Пецярбургу.
Беларускае Радыё Рацыя