Марцэл Лічка пакінуў пасаду трэнера берасцейскага «Дынама»
Кіраўніцтвам футбольнага клуба «Дынама» прынята рашэнне не працягваць кантракт з чэшскім спецыялістам Марцэлам Лічкам на наступны сезон.
«Клуб дзякуе Марцэлу за праведзеную працу і яркі «залаты» год. Дзякуй за ўсё, Марцэл! Поспехаў у пакарэнні новых вяршынь! – гаворыцца ў паведамленні на сайце берасцейцаў.
Марцэл Лічка быў прызначаны галоўным трэнерам «Дынама» ў канцы 2018 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда заваявала Суперкубак Беларусі і ўпершыню ў сваёй гісторыі стала чэмпіёнам краіны.
Таксама стала вядома, што ўкраінскі спецыяліст Юрый Калітвінцаў можа вярнуцца да трэнерскай працы. Па інфармацыі «UA-Футбол», экс-настаўнік нацыянальнай зборнай Украіны ў бліжэйшы час павінен прыняць берасцейскае «Дынама».
Кірыл Альшэўскі стане галоўным трэнерам БАТЭ
Па звестках pressball, Кірыл Альшэўскі бліжэйшым часам узначаліць БАТЭ. На пасадзе галоўнага трэнера ён зменіць Аляксея Багу, пры якім барысаўскі клуб упершыню за 14 гадоў не выйграў чэмпіянат Беларусі. У сезоне-2019 Альшэўскі ўзначальваў дубль БАТЭ і прывёў барысаўскіх дублёраў да чэмпіёнства. Да гэтага ён пяць гадоў працаваў з юніёрскай і юнацкімі зборнымі Беларусі, з’яўляючыся пры гэтым з 2016 года тэхнічным дырэктарам БФФ.
Беларускія баскетбалісты выйгралі турнір памяці Уладзіміра Рыжанкова
Юнацкія зборныя Беларусі (U-16) сталі пераможцамі баскетбольнага турніру памяці Уладзіміра Рыжанкова, які праходзіў у Менску. У спаборніцтвах дзяўчат беларускі ў заключным матчы абыгралі каманду Польшчы з лікам 80:53. Да гэтага падапечныя Вікторыі Дацун упэўнена перамаглі аднагодак з Літвы (67:43) і Малдовы (123:26). Серабро ў польскай каманды, бронза ў літовак. На мужчынскім турніры зборная Беларусі ў апошняй сустрэчы не пакінула шанцаў на поспех камандзе з расейскага Краснагорску – 102:29. У стартавым матчы падапечныя Мікалая Аляксеева абыгралі літоўцаў (74:73), а затым перамаглі малдаўскіх баскетбалістаў (67:31). Уладальнікамі сярэбраных узнагарод сталі літоўцы, трэцяе месца ў зборнай Малдовы.
Арына Сабаленка засталася на 11-м радку рэйтынгу ВТА
Апублікаваны абноўлены рэйтынг ВТА ад 9 снежня. У першай тройцы зменаў не адбылося. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка займае 11-е месца. Першая – Эшлі Барці (Аўстралія). Другое месца ў Караліны Плішкавай (Чэхія). Трэцяя Наомі Осака з Японіі. Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў у абноўленым рэйтынгу ATП размясціўся на 98-м радку. Лідаруе іспанец Рафаэль Надаль. Другі – Новак Джокавіч (Сербія), а трэці – Роджэр Федэрэр (Швейцарыя).
Крыху больш за 500 квіткоў на матч адкрыцця Беларусь – Аўстрыя засталося ў продажы
Сёння, 9 снежня, у Менску на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» пройдуць матчы першага тура моладзевага чэмпіянату свету ў дывізіёне IA. Беларуская каманда правядзе сваю гульню ўвечары, яе супернікам стануць аднагодкі з Аўстрыі. Пачатак сустрэчы – а 19:30.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by