Беларусь у Глабальным рэйтынгу чалавечага развіцця 50-ая
Сёлета Глабальная справаздача аб чалавечым развіцці Арганізацыі аб’яднаных нацый прысвечаная тэме няроўнасці.
Як паведаміла на брыфінгу ў Менску пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва, у першую пяцёрку групы краін з вельмі высокім роўнем чалавечага развіцця ўваходзяць Нарвегія, Швейцарыя, Ірландыя, Германія і Ганконг (Кітай). Замыкаюць групу Сейшэльскія астравы – 62-е месца.
– З 2018 года Беларусь паднялася на тры пазіцыі і займае 50-е месца ў агульнасусветным рэйтынгу па індэксе чалавечага развіцця. Яна ідзе адразу за Расеяй і дзеліць 50-е месца з Казахстанам. Беларусь застаецца ў групе краін з вельмі высокім індэксам чалавечага развіцця. Калі ж індэкс пераацэньваецца з улікам гендэрнай няроўнасці, то мы таксама бачым тут посьпех Беларусі ў тым, што тут падвышэнне якасці жыцця жанчын, індэкс чалавечага развіцця жанчын, больш за 0,8 – большы, чым у краінах Еўропы і Азіі.
Паводле Аляксандры Салаўёвай, у адрозненне ад большасці дзяржаў, у Беларусі індэкс развіцця жанчын вышэйшы, чым індэкс развіцця мужчын.
Тут згулялі ролю некалькі фактараў: розніца паміж працягласцю жыцця жанчын і мужчын складае ў нас 10 гадоў — 79 супраць 69-і, рэкордна нізкі для рэгіёну паказчык мацярынскай смяротнасці – дзве смерці на 100 тысяч жанчын. Але пры гэтым у Беларусі захоўваецца гендарная няроўнасць у эканоміцы – узровень удзелу жанчын у эканоміцы больш як на 10% ніжэйшы за ўзровень мужчынскага, заробак жанчын складае толькі 75% ад заробку мужчын.
Краіны, з якімі мяжуе Беларусь, размясціліся ў рэйтынгу на наступных месцах: Польшча — 32-е, Літва — 34-е, Латвія — 39-е, Украіна — 88-е. Апошнія тры радкі рэйтынгу займаюць Чад, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка і Нігер.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара