Расейскія прадпрыемствы вінныя беларускім вялікія грошы



Дэбіторская запазычанасць з Расейскай Федэрацыяй за студзень–верасень 2019 года вырасла на 251 млн даляраў (на 13,5%) і дасягнула на 1 кастрычніка 2 млрд 115,7 млн даляраў. Такія звесткі абнародаваныя 9 снежня ў Маскве на нарадзе з кіраўнікамі суб’ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Расеі.

Нарада прайшла пад старшынствам генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка. У ёй узялі ўдзел кіраўнікі размешчаных на тэрыторыі Расеі субʼектаў тавараправоднай сеткі (з беларускім капіталам) беларускіх арганізацый-экспарцёраў (гандлёвыя дамы, афіцыйныя дыстрыбʼютары, прадстаўніцтвы, буйныя дылеры), падведамасных Мінпраму, Мінбудархітэктуры, канцэрнам «Белнафтахім» і «Беллегпрам», а таксама прадпрыемстваў харчовай прамысловасці.

Як паведаміла прэс-служба, у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года дэбіторская запазычанасць павялічылася на 68,7 млн даляраў, або на 3,4%. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць Расеі на 1 кастрычніка 2019 года склала 147,6 млн даляраў і за студзень–верасень 2019 года знізілася на 1,7 млн, або на 1,1%. Пры гэтым у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць скарацілася на 41,6 млн, або на 22%. Асноўная ўдзельная вага ў структуры пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці прыпадае на падведамасныя (якія ўваходзяць у склад) прадпрыемствы Мінпрама, Менскага аблвыканкама, Мінбудархітэктуры, а таксама на юрыдычныя асобы без ведамаснай падпарадкаванасці.

Падчас размовы з журналістамі Канюк паведаміў, што дэбіторская запазычанасць скарачаецца. Найбольш сурʼёзная запазычанасць, паводле яго слоў, захоўваецца перад прадпрыемствамі Мінпрама Беларусі і канцэрна «Белнафтахім».

Канюк таксама расказаў, што Генпракуратура займаецца пытаннямі пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ўжо на працягу пяці гадоў. «Заяўлена больш за 400 іскаў на суму большую за 130 млн даляраў, – паведаміў ён. – Нам удалося вярнуць у таварна-гаспадарчы абарот дзяржавы больш за 100 млн. Мы спынілі працэс стварэння так званых ашуканскіх структур. Яны ўжо ведаюць, што гэтым займаюцца праваахоўныя органы, таму гаспадарчыя субʼекты больш не рызыкуюць так рабіць». Паводле яго слоў, за пяць гадоў было распачата больш за 100 крымінальных спраў – большая частка ў дачыненні да беларускіх прадстаўнікоў тавараправодных сетак.

Разам з тым Канюк адзначыў, што «Генпракуратура займаецца дэбіторскай запазычанасцю з крымінальным мінулым ці сапраўднасцю». «На жаль, некаторыя кіраўнікі займаюць утрыманскую пазіцыю», – сказаў ён. Генпракурор падкрэсліў, што прадпрыемствы самі павінны прымаць вельмі сурʼёзныя меры. «Мы дапамагаем, а яны асноўныя. Але такая тэндэнцыя ўтрыманства, на жаль, ёсць», – адзначыў ён.

Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, які таксама ўдзельнічаў у нарадзе, паведаміў журналістам, што пасольства аказвае вялікую падтрымку беларускім экспарцёрам, садзейнічаючы ў пытаннях недапушчэння і ліквідацыі пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. Створана спецыяльная база, з дапамогай якой беларускія прадпрыемствы могуць праверыць надзейнасць патэнцыйных расейскіх партнёраў.

Паводле слоў Сямашкі, падчас яго паездак па расейскіх рэгіёнах вырашаюцца пытанні, у тым ліку звязаныя з вяртаннем дэбіторскай запазычанасці. У прыватнасці нядаўна была вырашана праблема вяртання запазычанасці ў 20 млн даляраў прадпрыемству «БелОМА». Дыпламат адзначыў, што пры неабходнасці пасольства звяртаецца ў МУС Расеі, расейскую Генпракуратуру. «Задзейнічаем усе магчымыя рычагі, каб гэтая дэбіторская запазычанасць памяншалася. Важна, што сістэма працуе і ёсць пэўныя вынікі», – сказаў кіраўнік дыппрадстаўніцтва.

БелаПАН