Сяргей Калякін: Улады адцягваюць увагу ад унутраных праблем



Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін выказаў сваё меркаванне з нагоды інтэграцыйных перамоваў беларускага і расейскага кіраўнікоў у Сочы і распавёў магчымыя наступствы такой інтэграцыі.

Сяргей Калякін: Мы нічога не ведаем пра канкрэтныя вынікі перамоў паміж Пуціным і Лукашэнкам, калі не ўлічваць тую інфармацыю, якую беларускія чыноўнікі палічылі патрэбным данесці да грамадства.

Але не думаю, што ў Сочы адбыліся нейкія надзвычайныя рэчы. Там вырашаліся толькі эканамічныя пытанні, таму не варта тут шукаць палітыку. Пытанне танных энерганосьбітаў – вось галоўнае, што хвалюе беларускую ўладу, і, наколькі я зразумеў, па газе і нафце не дамовіліся, а таму няма пра што і заяўляць.

РР: Жаданні афіцыйнага Менска зразумелыя. А што хоча Масква ад Беларусі на гэтым этапе?

Сяргей Калякін: Расея не хоча даваць грошы беларускім уладам за «проста так». Мяркую, так бы паступала любая краіна, таму я не бачу ў гэтай праблеме нейкіх інтэграцыйных складнікаў. У тым плане, што Масква хоча некага як быццам паглынуць.

Мне падаецца, што праблемы найперш раздзімаюць беларускія ўлады, каб адцягнуць увагу насельніцтва і апазіцыі ад тых унутраных праблем, якія ёсць у эканоміцы краіны і сацыяльнай сферы і псеўдавыбараў, пра якія сёння з-за інтэграцыі ўжо ніхто і не ўспамінае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя