У Тбілісі гаварылі пра паслявыбарчую сітуацыю ў Беларусі
У Тбілісі завяршаецца 8-я сесія Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства “Еўранэст”. Парламентарыі з Беларусі зноў да яе не былі дапушчаны.
Адной з галоўных падзей стала пасяджэнне рабочай групы па Беларусі, на якім у прыватнасці абмеркавалі бягучую палітычную сітуацыю ў краіне пасля апошніх парламенцкіх выбараў. У абмеркаванні прымалі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў Беларусі, а таксама старшыня партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін:
– Выступаў кіраўнік міжнароднай місіі, якая ў нас была на выбарах. Яны паўтарылі свае высновы пра тое, што яны бачаць шмат праблем. І лічаць, што выбары не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі. Вынікі нельга прызнаць як волевыяўленне беларускага народа. У сувязі з гэтым было заяўлена, што група будзе працягваць кантактаваць з грамадзянскай супольнасцю, ажыццяўляць сувязь праз яе, але прызнання Палаты прадстаўнікоў у якасці паўнамоцнага прадстаўніка беларускага народа не адбудзецца.
Таксама на пасяджэнні рабочай групы па Беларусі ў рамках „Еўранэсту” былі абмеркаваныя пагрозы незалежнасці ў сувязі з перамовамі аб паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, падпісанне пагаднення аб палягчэнні візавага рэжыму Беларусі і ЕЗ, падтрымка незалежных СМІ, супраціў расейскай інфармацыйнай агрэсіі ды шэраг іншых тэмаў.
«Гэта былі самыя горшыя беларускія выбары ў плане адкрытасці і свабоды з 2004 года. Іх нельга ні ў якім разе лічыць свабоднымі і сумленнымі,» – пра гэта між іншым заявіў намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч на пасяджэнні працоўнай групы па Беларусі. Ён таксама звярнуў увагу на недапушчальную, на яго думку, заяву міністра замежных спраў Фінляндыі.
– Я таксама папрасіў прадстаўнікоў працоўнай групы па Беларусі звярнуць увагу ўсяго Еўрапейскага парламенту на выказванні міністра замежных спраў Фінляндыі пра тое, што ЕЗ нібыта з разуменнем ставіцца да рашэння Беларусі пра паглыбленую інтэграцыю з Расеяй. Такія заявы недапушчальныя, таму што няма на гэты момант парламенту, які б мог сведчыць пра сапраўднае жаданне беларускага народа да такой інтэграцыі. А тыя акцыі пратэсту, якія адбываліся, якраз сведчаць, што вялікая колькасць беларусаў супраць такой інтэграцыі.
«Еўранэст» уяўляе сабой міжпарламенцкае аб’яднанне, ініцыяванае з мэтай збліжэння з Еўразвязам дзяржаў-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны). «Беларускае пытанне» стала складаным для арганізацыі, паколькі выбары ў нашай краіне Еўрапарламент не прызнае дэмакратычнымі. У выніку пасяджэнні „Еўранэста” пакуль праходзяць без афіцыйнай беларускай дэлегацыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/parliamentgeo