Беларуская школа ў Амелянцы застаецца пад пагрозай закрыцця



Улады Камянеччыны сустрэліся з мясцовымі жыхарамі вёскі Амелянец. Нагодаю стаў зварот грамадзян у абарону мясцовай сярэдняй і апошняй беларускамоўнай у раёне школы.

Амелянчукі чакалі адказаў наконт будучыні школы, аднак чыноўнікі так і не паведамілі пра тое, што з ёй будзе далей. Кажа старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук:

– Ні пра якое закрыццё пакуль размовы не ідзе. Пакуль пытанне вывучаецца. Не так проста сёння закрыць школу. Трэба прыняць узважанае рашэнне, як нам быць далей. Ёсць некалькі варыянтаў: і пакінуць школу, і зрабіць яе базавай.

Дыскусія ў зале вясковага дома культуры ў Амелянцы, дзе адбывалася сустрэча, доўжылася некалькі гадзін. З аднаго боку чыноўнікі, з другога – частка прысутных вяскоўцаў і настаўнікаў абменьваліся аргументамі пра сапраўдныя прычыны спробаў закрыцця школы. Кажа аўтар звароту да ўладаў, настаўнік Павел Кендысь:

– Прадстаўнікі ўладаў проста збеглі. Ніякага рашэння яны, канешне, не прынялі, таму што яны яго і не збіраліся прымаць, і не збіраліся яго агалошваць. А што будзе далей, патрэбна чакаць паседжання ў райвыканкаме, на якім, сапраўды, будзе ўжо прымацца адпаведнае рашэнне – будзе школа функцыянаваць ці не будзе.

Большасць прысутных засталіся незадаволеныя пазіцыяй чыноўнікаў, але спадзяюцца на захаванне школы.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Амелянец.