Сяргей Скрабец і Алесь Пушкін – лаўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча ў галіне турэмнай літаратуры за 2019 год сталі палітык Сяргей Скрабец і мастак Алесь Пушкін. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, у менскай адукацыйнай прасторы „Тэрыторыя правоў”.
Скрабец узнагароджаны за аўтабіяграфічную кнігу „Кошт свабоды”, якая пакуль існуе ў выглядзе рукапісу, але неўзабаве павінна выйсці ў свет. Пушкіна адзначылі за кнігу ілюстрацый „Турэмны альбом”.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча ў галіне турэмнай літаратуры была заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і беларускай рэдакцыяй „Радыё Свабода”. Прэмія прысуджаецца за лепшыя творы аўтарам, якія былі ў зняволенні. Тэматыка твораў, якія прэтэндуюць на прэмію, не абмежаваная. Перамагчы могуць дакументальныя і мастацкія працы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.
Фота spring96.org