Крымскія татары чакаюць легалізацыі побыту ў Польшчы



З аднаго боку ёсць абяцанні палітычнай падтрымкі крымскіх татараў, а з іншага – закон, які адсылае да паняцця “ўнутранай міграцыі”. Многія татарскія сем’і з анэксаванага Расеяй Крыму пакінулі свае дамы і прыехалі ў Польшчу, якая абяцала ім падрымку.

tatary c546993ece8a1b57ea6a2

Аднак у рэальнасці аказалася амаль немагчымым атрымаць статус уцекача. Чыноўнікі кажуць, што татары могуць выехаць у бяспечныя часткі Украіны, таму няма падставаў для легалізацыі іх пражывання ў Польшчы. З гэтым не пагаджаюцца мясцовыя татары, якія пражываюць у Польшчы з 17-га стагоддзя і гатовыя дапамагчы. Кажа старшыня мусульманскай рэлігійнай абшчыны ў Крушынянах, на Падляшшы, Браніслаў Талькоўскі:

– На сённяшні дзень крымскія татары, якія прыехалі на Падляшша, знаходзяцца ў досыць цяжкай сітуацыі. У іх заканчваецца тэрмін, гарантаваны заканадаўствам, які дазваляе жыць пэўны час на тэрыторыі Польшчы, а пасля неабходна атрымаць дазвол на пастаяннае пражыванне і статус уцекача. І з гэтым акурат узніклі праблемы. У гэты момант, атрымаўшы адмовы ў атрыманні статуса ўцекача, яны абскарджваюць гэтыя рашэнні, і мы чакаем вынікаў. Але трэба сказаць, што гэта зусім невялікая група людзей, і мы спадзяемся, што польская дзяржава не будзе ствараць большых праблемаў. Калі б такія праблемы ўзніклі, і крымскіх татараў вырашылі б дэпартаваць, то мы будзем рабіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося.

Зараз каля дзясятка сем’яў крымскіх татараў знаходзяцца ў лагеры для ўцекачоў на Беласточчыне. Падляшскія татары гатовыя забяспечыць іх жыллём і працай, аднак спачатку ўцекачам неабходна вырашыць праблемы з легалізацыяй свайго побыту на тэрыторыі Польшчы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота miziaforum.wordpress.com