Чым жыве віленская беларуская „Рунь”?
Газета „Рунь” ужо больш за 20 гадоў выходзіць у Вільні і з’яўляецца адзіным перыядычным выданнем, якое выдаецца ў Літве па-беларуску.
Пра выданне распавядае Сяргей Гаўрыленка:
РР: Чым з’яўляецца выданне „Рунь”?
Сяргей Гаўрыленка : Газета „Рунь” была заснавана літоўскімі беларусамі два з гакам дзясятка гадоў таму. Праз год пасля яе заснавання працэсам яе выдання заняўся Віленскі цэнтр грамадскай ініцыятывы „Дэмакратыя для Беларусі”. Рэдактарам тады быў віленскі беларускі паэт Алег Мінкін. Некалькі гадоў таму ён адышоў ад рэдактарскай справы, ён застаецца літаратурным рэдактарам нашай газеты. Газета перажывала дастаткова шмат перапетый на працягу свайго існавання. Калі да 2004 году высілкамі таго ж Алега Мінкіна яна выходзіла раз на месяц, а гэта праца, асабліва калі гэта залежыць ад пары чалавек, то дзеяць працадзён трэба на гэту справу вылучыць. У 2004 годзе газета перажыла пэўны крызіс, яна не з’яўлялася гады два. У 2006 годзе з дапамогай студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту пабачыў свет адзін нумар, пасля зноў быў перапынак. З 2008 года больш-менш рэгулярна газета выходзіць да гэтага часу.
РР: Хто вашы чытачы?
Сяргей Гаўрыленка: Справа ў тым, што раней яна найперш была разлічана на беларусаў Літвы, зрэшты да гэтай чытацкай аўдыторыі дадаліся і беларусы замежжа. Гэту традыцыю мы падтрымліваем і цяпер, газета ў нас разыходзіцца фактычна па ўсім свеце: ад Аўстраліі да паўднёвай Амерыкі, Бельгія, Нямеччына, Вялікабрытанія, куды хапае фінансаў даслаць, туды і дасылаем. Праблема ў тым, што зараз усе сродкі масавай інфармацыі, наша газета таксама, перажывае пэўны крызіс. Старая генерацыя нашый аўдыторыі паступова адыходзіць, а новае патрабуе новых фарматаў. Мы па-ранейшаму выходзім у папяровым выглядзе, не маем электроннай версіі, вэб-старонкі. Не тое, каб гэта было непатрэбна, проста нашыя сталыя чытачы прызвычаеныя да класічных варыянтаў, да больш класічных фарматаў, у тым ліку да папяровага. Таму мы пакуль прытрымліваемся старых традыцый, якія былі закладзены 20-ць гадоў таму. Што будзе далей, час пакажа.
РР: Як выглядае сітуацыя з фінансаваннем і накладам газеты?
Сяргей Гаўрыленка: Не такім вялікім, як гэта было 10-ць гадоў таму. Мы пазначаем наклад 500 экзэмпляраў, але гэта далекавата ад ісціны. Справа ў тым, што зараз дзесьці пад 150 асобнікаў мы друкуем. Гэта больш часопісны варыянт, гэта не газета ў яе звычайным варыянце. Тут няма навінаў, няма актуальных матэрыялаў. Тут зборная салянка з таго, што адбываецца ў жыцці літоўскіх беларусаў цягам года. Прывязвацца да пэўнай даты можна толькі ўмоўна. Што да фінансавання, то нас падтрымоўвае Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры ўрадзе Літоўскай Рэспублікі. Натуральна частку нашага фінансавання складаюць ахвяраванні. Нядаўна нас падтрымала Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. Алег Мінкін кажа, што трэба пераходзіць на новыя фарматы, што можа быць пашырыць нашу аўдыторыю.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Выдаўцы плануюць стварыць старонку ў сацыяльных сетках, каб знайсці чытача не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча