Уладзімір Ганчарык: Адзіны кандыдат – гэта было б ідэальна
Адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 году Уладзімір Ганчарык распавёў пра тое, чаму да прэзідэнцкай кампаніі дэмакратычнай грамадскасці трэба рыхтавацца ўжо сёння.
Уладзімір Ганчарык: Адзіны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах – гэта было б ідэальна. Я гэтую пазіцыю адстойваў і адстойваю зараз, нягледзячы на ўсе пярэчанні, якія ў асноўным грунтаваліся на наступным: маўляў, чым больш кандыдатаў, тым больш прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці можна папрацаваць з электаратам.
Але гэта ўсё блеф. Трэба нават нешматлікія сілы яднаць дзеля таго, каб пераадолець рознагалоссі.
РР: Мяркуеце, што яднанне магчыма?
Уладзімір Ганчарык: Тэрытычна – так, але для гэтага патрэбны пэўная палітычная воля ўсіх суб’ектаў. Цяжка да такога прыйсці? Безумоўна. Але, калі паступіцца ўласнымі амбіцыямі, то можна.
Іншая справа, што час хутка ідзе. Падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў трэба займацца ужо зараз, больш за тое – аперытаўна вырашаць пытанне. Неабходна не толькі знайсці метад вылучэння адзінага кандыдата і самога кандыдата, але і стварыць арганізацыйныя структуры. А затым ужо “раскручваць” гэтага адзінага кандыдата. Пры гэтым фігура павінна быць такая кампрамісная, якая задавальняе ўсе палітычныя сілы.
Зрэшты, мне падаецца, што да гэтага наша апазіцыя ў сёняшніх умовах не прыйдзе. Кожны будзе традыцыйна цягнуць коўдру на сябе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя