Утрыманне цукру ў рацыёне школьніка знізяць



Міністэрства аховы здароўя сумесна з Міністэрствам адукацыі вырашае праблему лішку цукру ў рацыёне школьнага харчавання, паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Беларусі, галоўны санітарны ўрач Наталля Жукава.

11 снежня яна ўдзельнічае ў рэгіянальнай канферэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) па падыходах да арганізацыі школьнага харчавання ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў Менску.

Паводле слоў чыноўніцы, Міністэрства аховы здароўя заклапочанае ростам колькасці дзяцей з залішняй масай цела, атлусценнем і распаўсюджанасцю цукровага дыябету і лічыць неабходным скараціць утрыманне цукру ў рацыёне школьнага харчавання на 20-30%.

Паводле звестак медыкаў, у Беларусі кожны чацвёрты, а паводле некаторых звестак – кожны трэці непаўнагадовы мае залішнюю вагу.

«Павінны быць перагледжаныя рэцэптуры школьнага харчавання і набор прадуктаў, якія ў яго ўключаныя. Вядома, прадукты, якія змяшчаюць вугляводы, патрэбныя, але іх утрыманне павінна быць збалансаваным. Міністэрства аховы здароўя паслядоўна настойвае на тым, каб праз школьныя буфеты не рэалізоўвалася прадукцыя з высокім утрыманнем цукру», – адзначыла Жукава.

Па-ранейшаму не вырашанае ў краіне пытанне з высокім утрыманнем у гатовай прадукцыі солі, працягнула яна. «У нас у рацыёне дастатковая колькасць прадуктаў з высокім утрыманнем солі, напрыклад, салёная рыба, частка хлеба, у прыватнасці, выпечка, якая рэалізуецца праз гіпермаркеты. Трэба ўлічваць утрыманне солі ў падобных прадуктах, каб карэктаваць гэта іншымі з нізкім яе ўтрыманнем», – сказала прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.

На яе думку, праблема пераходу да здаровага харчавання павінна вырашацца ўсімі ўдзельнікамі сістэмы адукацыі: настаўнікамі, бацькамі і самімі вучнямі. «Фармаваць стаўленне да здаровага харчавання як да асноўнага фактару захавання здароўя – гэта задача для ўсіх нас», – падкрэсліла Жукава.

Выступаючы на семінары, намеснік міністра адзначыла, што сёння ў краіне гарачым харчаваннем у школах забяспечаныя 95% школьнікаў. «Прыманыя на працягу апошніх дзесяцігоддзяў меры дазваляюць нам казаць аб тым, што шэраг паталагічных працэсаў, характэрных для школьнага ўзросту, стабілізаваўся – знізілася колькасць захворванняў страўнікава-кішачнага тракту і сістэмы крыві, а таксама шэрагу іншых паталогій», – сказала яна.

Як падкрэсліла галоўны санітарны ўрач, вельмі важна дзяржаўнае рэгуляванне асобных пытанняў у галіне школьнага харчавання. На яе думку, па гэтым пытанні неабходнае «шырокае прафесійнае інфармаванне дзяцей, педагогаў і бацькоў». Важная, на думку намесніка міністра, і рэалізацыя шэрагу прафілактычных праектаў, якія «сфаруюць разуменне значнасці гэтай задачы».

Са свайго боку, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Смільгінь адзначыў, што апошнімі гадамі ў краіне зніжаецца спажыванне малочных прадуктаў. Паводле яго слоў, перад міністэрствам сёння стаіць канкрэтная задача – пераламаць гэтую тэндэнцыю і павялічыць спажыванне малочных прадуктаў, асабліва дзецьмі. Таксама, паводле яго слоў, Мінсельгасхарчу «неабходна выбудаваць устойлівыя мясцовыя харчовыя ланцужкі», у прыватнасці, для вытворцаў гародніны, і прапагандаваць здаровае і бяспечнае харчаванне сярод дзяцей і моладзі.

Каардынатар праекта ФАО «Нарошчванне патэнцыялу па ўмацаванні харчовай бяспекі і паляпшэнні харчавання ў шэрагу краін Каўказа і Цэнтральнай Азіі» Маўрысіа Разалес паведаміў, што асноўная праблема – зрабіць так, каб здаровае харчаванне разглядалася як складнік працэсу школьнай адукацыі. «Мы хочам, каб у працэсе адукацыі дзеці, іх настаўнікі і бацькі атрымлівалі вычарпальную інфармацыю аб правільным харчаванні. Мы выбралі Беларусь для гэтага мерапрыемства, таму што тут дастаткова цікавая сістэма арганізацыі дзіцячага харчавання. Мы плануем наведаць некалькі школ, каб пазнаёміцца з ёй бліжэй», – сказаў ён.

Паводле яго слоў, асноўная мэта семінара – дапамагчы стварыць розныя інавацыйныя праграмы для школьнага харчавання і рэалізаваць іх, а таксама падзяліцца сваім вопытам з прадстаўнікамі іншых дзяржаў.

У трохдзённым рэгіянальным семінары бяруць удзел больш за 80 спецыялістаў з 20 дзяржаў. Яны абмяркуюць наватарскія ідэі і напрамкі будучай працы для ўрадаў, а таксама распрацуюць канцэптуальны падыход, накіраваны на паляпшэнне праграм харчавання і харчавання ў школах у сваіх краінах.

БелаПАН

Фота: zviazda.by