Давыдзька ўзначаліў камісію па правах чалавека і СМІ



Генадзь Давыдзька абраны старшынём пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове. За Давыдзьку прагаласавалі 105 дэпутатаў, супраць — чатыры, адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным.

Кандыдатуру Давыдзькі прапанавала дэпутат, былы міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Давыдзька, выступаючы перад галасаваннем, падзякаваў Ананіч за такую ацэнку яго асобы. „Я слухаў і сам сябе паважаў, — сказаў ён. — З улікам свайго папярэдняга парламенцкага вопыту хацеў бы падзяліцца з вамі, паважаныя калегі, сваімі думкамі наконт асноўных кірункаў дзейнасці камісіі. У першую чаргу, гэта, вядома, далейшае ўдасканаленне заканадаўчай базы ў мэтах найбольш поўнага забеспячэння рэалізацыі асноўных правоў і свабод грамадзян”.

Паводле слоў Давыдзькі, у найбліжэйшыя паўгода чакаецца ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў праектаў законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, грамадзянства Рэспублікі Беларусь, адміністрацыйнай адказнасці. „Будзе прадоўжана практыка абмеркавання законапраекта з прыцягненнем шырокага кола зацікаўленых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, дзяржаўных органаў, навуковай і бізнес-супольнасцяў, — сказаў ён. — Актуальнымі застаюцца многія тэмы, датычныя гендарных пытанняў, правоў чалавека ў прафесійным асяроддзі, правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ёсць над чым працаваць. Другой актуальнай задачай з’яўляецца маніторынг дзейнага заканадаўства і яго правапрымяняльнай практыкі. Важнымі інструментамі ў гэтай працы павінны стаць выязныя пасяджэнні камісій, арганізацыя круглых сталоў і семінараў, а таксама сістэмны аналіз зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб”.

Яшчэ адным прыярытэтным напрамкам працы камісіі, паводле слоў Давыдзькі, стане „актыўны ўдзел у развіцці канструктыўнага дыялогу па пытаннях правоў чалавека паміж Рэспублікай Беларусь і міжнароднымі арганізацыямі ў мэтах вывучэння найлепшага сусветнага вопыту”.

Дэпутат Алег Гайдукевіч заклікаў падтрымаць кандыдатуру Давыдзькі. Ён адзначыў, што камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ трэба будзе ўдзельнічаць у вырашэнні важных пытанняў. „У першую чаргу, што б я хацеў адзначыць, гэта — інфармацыя, інфармацыйная вайна. За апошнія гады мы сталі жыць у эпоху, дзе інфармацыя ператварылася ў страшную зброю, якая можа іграць як на карысць краіны, так і супраць яе, — сказаў ён. — На гэтым тыдні, калі ішлі перамовы кіраўнікоў дзяржаў (сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы. — БелаПАН.), мы бачылі, колькі інфармацыйнай хлусні, колькі прапаганды вылілася на вушы нашых грамадзян. Самая галоўная барацьба з гэтым — гэта праўда, гэта стварэнне ўласнага інфармацыйнага кантэнту, падтрымка нашых журналістаў, нашых СМІ, каб гучаў беларускі парадак дня ўсюды, гучала наша думка па ўсіх пытаннях. Тады мы зможам абараніць нашы нацыянальныя інтарэсы”.

belapan.by